Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 52

Вячаслаў Адамчык

Недалёка ад паліцыі даўнейшы прыватны яўрэйскі двухпавярховы гатэль займала Дварчанская валасная ўправа. Цяперашні гатэль, дзе спыняліся найбольш нямецкія афіцэры, быў пры самай орсткамендатуры, у другім канцы мястэчка. Там быў вайсковы шпіталь, а праз лясок у двухпавярховай шарай мураванцы размясцілі батальён самааховы, у які мабілізавалі вясковых хлопцаў,— хто, спалохаўшыся грозьбы і павесткі, прыйшоў сам, а каго, схапіўшы пры якой рабоце ў Дварчанах, прывязлі ці прывялі ўжо прымусова і пераапранулі ў салатавую форму нямецкай жандармерыі з цёмна-зялёнай акантоўкай.

Орсткамендатура вартавала шпіталь, брала пад сваю апеку гатэль і нават батальён самааховы, другая палавіна мястэчка, акрамя вакзала, дзе была свая чыгуначная паліцыя (Bahnschutzpolizei) — некалькі чалавек палонных ды пяць стараватых, не падыходных для фронту немцаў — належала дварчанскім паліцыянтам.

Таму на рынку ў стракатым, найбольш жоўтым, кажушным натоўпе, мільгаючы чорнай уніформай з шарымі каўнярамі і чорнымі, з брылямі, яшчэ зімовымі шапкамі, шнырылі толькі яны. Каб чым-небудзь пажывіцца, асабліва выцягнуць з канюшыны ў палукашку саней «гусак» самагонкі, рабілі аблаву або прачоску з праверкай дакументаў і квіткоў ад збору за гандаль на рынку. Калі падміргне ці падкажа хто свой, дварчанскі, спрытна ўмелі, як смяяліся самі, схапіць за кокі чужых, што завітвалі ў мястэчка з далёкай Вільні ці Ліды.

У паліцыю нават не заводзілі. Досіць было запхнуць арыштаванага ў стракатую, расфарбованую ў чорна-белыя косыя палосы дашчаную будку і там ужо ператрэсці кішэні, ці перарыць чамаданчык, адабраць лішні гадзіннік, ці колькі самаробных, зробленых нават з патроннай гільзы запальнічак, або «падзяліцца» выразкамі мяккага чорнага хрому — на перады ды халявы.

Цяпер апроч дварчанскіх паліцыянтаў на местачковым рынку зрэдзь пачало з’яўляцца і коннае, і пешае войска ў даўгаватых сцёганых куртках, у нямецкіх шынялях, у чаркесках з гызырамі на грудзях, у чорных, валеных з воўны касматых бурках, але ўсе ў кубанках з сінім, чырвоным і іншым верхам. Не вельмі давераўшы фронт, немцы перакідвалі добраахвотніцкую казацкую армію, сфармаваную на Доне, Кубані і Цераку паходным атаманам Паўлавым — невысокім, хударлява-злосным і кульгавым дзядком — сюды, у глыбокі тыл, у Дварчаны. Казацкі стан размясціўся ў Наваградку, а данцоў, кубанцаў, церцаў ставілі на пастой у прышашэйных вёсках. У Дварчанах размясцілася сотня, якой камандаваў палонны савецкі афіцэр — малады, гадоў дваццаці сямі, з прыгожым, але заўсёды з бурачковым, апухла-спітым тварам.

I днямі да забруджанай яшчэ казакамі, жоўтай ад конскага гною дварчанскай рампы падагналі састаў з ронаўцамі.

Не чакаючы загаду на выгрузку, салдатня, адзетая ў зношаную, спісаную з рэгулярнага войска нямецкую форму, толькі з новымі жоўтымі шаўронамі на рукаве «РОНА», распаўзлася па мястэчку, шукаючы самагону.

Панапіваліся яны да паўсмерці і ўжо, як быкі, раз за разам хадзілі да ветру, дават сярод вуліцы перад блізкімі вокнамі, нікога ўжо не тоячыся і не саромеючыся. Паліцыянты ды самаахоўцы яшчэ так-сяк асцерагаліся, пабойваючыся немцаў ды наровячыся блізкай радні, што была тут, у мястэчку, ці ў недалёкай вёсцы. А для гэтых ні боязі, ні брыдкасці, ні страху ўжо не было. На душы асталіся толькі прыхованая помста, злосць і той цяжкі і мулкі, як ярмо, і ўжо не раз перапакутаваны боль, што звароту дадому няма, як не будзе, калі што,— літасці і даравання. I каб гарката не ела душу, лепш заліць вочы гарэлкай, тады свет адразу перайначваецца, харашэе, тады наўме толькі бабы...