Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 48

Вячаслаў Адамчык

— Стой, говорят!

— А я і не ўцякаю,— Корсак адступіўся на беражок шашы, дзе пад чорнымі камлямі бярэзін бегла раскіслая ў лужынах сцежка.

— Тутошний будешь? — спытаў другі, даўгатвары.

— Ды тутэйшы,— Корсак насцярожліва нацяўся, чакаючы, што яны хочуць распытаць.

— С ентой деревушки?

— Адсюль во,— кіўнуў галавою за плячо Корсак на прытоенае Верасава з шара-карычневымі замшэлымі стрэхамі, дзе ў цяньку за гумнамі яшчэ бялелі гарбатыя курганы.

— Партизаны есть?

— Хто знае, дзе тыя партызаны?

— А ты?

— Скуль мне знаць? Яны ж мне не кажуць, дзе яны.

— А столбы?.. Кто спилил столбы? — з-пад буркі высунулася рука з кароткім і кругла-таўставатым, плеценым, мусіць, у восем столак бізуном.

— Я не рэзаў, я і не бачыў,— Корсак павёў вокам туды, куды выцягнулася кароткая ручка бізуна з круглай, як гадзюка, пляцёнкай, шырокай і пляскатай на канцы, дзе быў зашыты свінец, і толькі цяпер убачыў, як абвіс дрот на белых ізалятарах за блізкім шарым слупом, што стаяў за раўком — далей слупы ляжалі. Калі ж іх зрэзалі? Сённяшняй ночы, ці што? I Літавары нічога не сказалі...

Тыдзень назад яго самога са Змітрыкам партызаны выганялі рэзаць тэлеграфныя слупы. Але ж тады іх валілі за грудком у лагчынцы далей ад вёскі. Назаўтра пад Верасава пад’ехала нямецкая танкетка, павярнулася гарматай да Бортнікавай хаты — чаму менавіта да яе? — і стрэліла ўсяго адзін раз. Балазе дабром абышлося: прабіўшы ў будынку дзве сцяны, снарад праляцеў праз хлеў і ўпаў у сенях, не ўзарваўшыся. Бортнік вынес яго і закапаў, а дзіркі ў сценах забіў шпунтамі.

«Што ж будзе цяпер?» — Корсак з шашы, ужо не разбіраючы, набярэ ў чаравікі вады ці не, збег па адхоне канавы ў шапаткі, раздраджалы снег, каб наўпрасты выйсці да Алесіных будынкаў.

— Эй, старик, погоди маленько,— яго запыніў падазрона ласкавы і патайны галасок.

Корсак застыў, праваліўшыся ў глыбокі снег.

— Партизаны часто ездют тут?

— Ды халера іх знае?

— Семьи не подскажешь... ихние.

Застаны знянацку роспытамі, Корсак ужо не ведаў, як адкараскацца ад гэтых двух у чорных касматых бурках.

— Няма партызанаў у нас, ні іхніх сем’яў.

— А всё же подскажи, никто ведь не узнает.

— Няма, кажу вам, гаспада казакі.

— Гутарют, вон там, на хуторах...

— Не ведаю, не чуў.

— Фамилия твоя?..— вусаты падшпорыў, падагнаў і асадзіў на самым беразе шашы неспакойнага каня, што глядзеў вялікім пудка-сіняватым вокам.

— Корсак я,— з раскіслага, набрынялага вадою снегу Корсак нарэшце вырваў свае ногі, перайшоў канаву, ужо на заплеснелай леташняй траве, дзе сышоў снег, спытаў: — А нашто вам?

— Если набрехал насчет партизанов, найтить легче будет.

— Што я сабака, каб брахаць,— Корсак паслізнуўся на сівай, як павучына, плесні, дзе надоечы сышоў снег, і размашыста пайшоў па цёмнай, прыліплай да зямлі траве да Алесінага шырокага прысадзістага гумна.

Тупат каня, шахканне снегу ў канаве і гарачы, балюча-цяжкі ўдар па галаве ён учуў засап разам. Ногі, як спаралізаваныя, адразу запляліся і падагнуліся. На міг, здаецца, аднялася і памяць.