Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 46

Вячаслаў Адамчык

— Хэ,— усміхнуўся і ажно, здаецца, памаладзеў ад свайго смеху Літавар.— Ён пытае, ці помню. Можа, з месяц насіў на шыі рубец ад гэтага бізуна. Яшчэ і цяперака нарасць не сышла.— Ён хацеў падняць сваю левую, што дробна калацілася, руку і не здужаў, апусціў яе на міску.

— А што ж чакае іх? — Корсак азірнуўся на Броніка, што глядзеў на рамку з картачкамі, на сябе ў польскім мундзіры і рагатыўцы.

— Ад свайго лёсу не ўцячэш,— Бронік тыцнуў пальцам у шкло, за якім трохі перакасілася картачка, з якой глядзеў паўнатвары з савіным носам салдат з мардатым падфарбованым сяржантам.— Я во ўспамінаю, як мы з сяржантам вырваліся з акружэння. Ішлі дадому. Ён усё казаў, што блізенька дадому асталося. Толькі выткнуліся з лесу, а тут, як на ліха, немцы на матацыкле. Сяржант у ногі. Але ж дабег усяго да блізенькага замежку. Там ужо і тыцнуўся ў белы крываўнік, падкошаны кулямётам.

— Так што і цяпер пойдзеш пад кулямёт? — падняўся з лавы стары Літавар і калатлівай, дрыготкаю рукою шаргануў на прыпек парожнюю з высербанай саладухай міску.— У мяне ж вунь канюшына насенная не змалочана.

— Успеецца, бацька, з тою канюшынаю, змалачу,— Бронік адцягнуў з стала шуфлядку, дастаў павестку, доўга і моўчкі чытаў.

— Можа й, праўда, можа, перахавацца? — няпэўна сказаў Корсак і ўчуў, як пад шапкаю змакрэў лоб.

— Тут справа такая,— Бронік адняў ад павесткі свой склюдаваты, апушчаны да губы нос.— Не з’явімся мы, перастраляюць, папаляць усіх вас.

— Мы ўжо сваё аджылі,— Корсак абцёр куткі сваіх звялых, апушчаных губ.

— Вы аджылі... А дзеці? Дзеці ў іншых ёсць... жонкі...— Бронік націснуў на язычок клямкі і папхнуў каленам дзверы.

— Пачакай,— Корсак паволі з’ехаў з лавы і, не могучы разагнуць балячы крыж, як гарбун, звесіўшы доўгія рукі, услед за Бронікам усунуўся ў сені, там задыхнуўся ад спёртага духу вантробаў.— Ты кажаш, трэба ісці на той зборны пункт?..

— Я нікому не кажу. У такой справе кожны робіць як знае сам.

— Каб сам знаў...

— А Змітрык што?..— Бронік ступіў з сяней за парог на пляскаты камень, падняўшы руку, лавіў цяжкія, што сцякалі па саломіне са страхі, кроплі вады.

— Змітрык,— нечакана ўгнуўся Корсак: вялікая кропля, што сарвалася з капяжа, востра-пякучым холадам апякла карак.— Змітрык мо даўно на тым зборным пункце. Пайшоў у Дварчаны і цеперся няма дадому.

— Вайна... Цяпер усім трэба маладыя мужчыны,— Бронік з прыгаршчаў лінуў сабе за плячо сабраную ваду.— Куды ні кінься — усім... і партызанам, і немцам.— I абярнуўся да Корсака.— А хібя ж адзін чалавек усім угодзіць? Скажы, дзядзька Улас?

— А што скажаш? — уздыхнуў Корсак і закрыўся рукою ад сляпучага сонца, што адбівалася ад трапяткой, зморшчанай лужыны. Пераступіў яе і сказаў не то сабе, не то Броніку Літавару: — А на свеце во вясною пахне... I жаваранак як заліваецца. Ажно я чую. Прырода бярэ сваё. Гэта ў чалавека ладу нямашука, а ў прыродзе...