Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 47

Вячаслаў Адамчык

Ён падняў вочы, каб глянуць на чыстую глыбіню неба, дзе цвірчэў высокі жаваранак, і ўчуў, як яго, нібы ад лішняй чаркі, павяло ўбок і ў голаў хлынуў шум.

Корсак пастаяў, счакаўшы, покуль схлыне з галавы звінючы боль, і выйшаў з Літаваравага надворка.

Трывога за Змітрыка, як усцерагчы яго ад новай бяды, балючым нарывам турзала сэрца.

Цёмна-каламутны ручай, што булькатаў, кіпеў і пеніўся ў раўку, раптоўна паглыбшаў і заступіў Корсаку дарогу.

Каб не набраць у чаравікі вады і не застудзіць ногі, Корсак завярнуў на шашу. Там перад шашэйным з жалезнымі парэнчамі мастком і насыпам вузкакалейкі шырокую лагчыну заліла цёмная вада, што прыйшла сюды з палёў — там яшчэ ў ярах і раўках між грудаў не растаў пачарнелы глыбокі снег.

У шарай трубе пад чыгуначным насыпам, захлынаючыся, шумеў каламутны паток. Густая, чырванаватая, як на асовым лісці, іржа ела стрункія рэйкі вузкай каляі. Вузлавата-крывымі латачынамі талая вада там-сям падмыла недагледжаны, не падсыпаны рамонтнікамі адхон. З леташняй восені, як партызаны спалілі дварчанскае дэпо і недзе пад Кашалеўскім лесам разабралі чыгуначнае палатно, каля Верасава на пераездзе перасталі прысвістваць рухавыя, што цягнулі па тры-чатыры вагоны, чорныя паравозікі. Не з’яўляліся са сваёю ваганеткаю і рамонтнікі. Іх перакінулі, кажуць, будаваць дэпо — немцы ўжо выкапалі і залілі цэментам глыбокі фундамент.

«Няўжо думаюць асталявацца тут надоўга?» — Корсак паглядзеў уздоўж іржавых рэек, што збягаліся ў адну струну на далёкім, абстаўленым белымі цэмянтовымі слупкамі пераездзе, і раптам убачыў двое конных — яны ехалі каля шашы па жоўта-брудным ад раскіслых конскіх яблыкаў паску нерасталага, зледзянелага снегу.

На іх дзіўна і страхавіта чарнелі шырокія з вострымі плечукамі буркі.

Корсак успомніў, што гэтакія чорныя, здаецца, з валенага сукна буркі былі ў тую вайну на царскіх казаках.

Тады іх чацвёрка якраз на каталіцкага спаса прыехалі ў Верасава зганяць мужчын капаць роў, які, вядома, потым і не спатрэбіўся: баёў з немцамі і не было. Па дарозе напаткалі старога Літавара: прыбраўшыся, ён ішоў у Дварчаны да касцёла. Яго завярнулі пад крыж, загадалі стаяць і чакаць іх тут, а самі паехалі ў вёску выганяць з хат мужчын. Сюды, пад крыж, прыгналі тады і Корсака.

Літавар, агледзеўшыся, што казакі схаваліся за гумнамі, як ні ў чым не было, зноў папраставаў на шашу. Дагналі яго на грудку з паўвярсты ад вёскі і вярнулі назад. Тут, пад крыжам, на вачах усіх мужчын і пачалі секчы яго арапнікамі, каб іншым павадна не было. Ад першых двух ці трох удараў, покуль не зляцела з галавы шапка, Літавар яшчэ ўстаяў на нагах, а потым пачаў ужо прысядаць і млець...

Корсак азірнуўся на стары, замшэлы крыж і потым на чорнабрудную, нерасталую паску снегу каля шашы пад страката-белымі бярэзінамі: падскокваючы на сёдлах у тахт няспешнага бегу коней, казакі заварочвалі не ў вёску, а, згледзеўшы Корсака, блізіліся да яго.

Адзін з іх у сівавата-дымнай каракулевай кубанцы, што трохі спадала на правае вуха, з чорнымі ганарыста падкручанымі вусамі, нагнаўшы Корсака, шырокімі персямі каштанавага каня раптам стаў наязджаць на яго; каля бота, усунутага ў стрэмя, паблісквала шабля.