Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 45

Вячаслаў Адамчык

За раўком, дзе раставаў, сочачыся вадою, пачарнелы курган снегу, на абветраным зеленкаватым ад моху грудку, у Літаваравым, абкладзеным картаплянікам хляве, рыкала, натужліва і моцна, шкадуючы, мусіць, аднятае цялятка, устрывожаная карова.

Што ж робіцца ў Літавараў? Ім жа таксама прынеслі павестку. Корсак азірнуўся на карычняваты вішняк, на Алесіны цемнавата-патайныя вокны і пайшоў напроці гэтага прэснага ветру, што цёк за шыю ласкавым халадком. У прагале сіняватых хмар плыў белаваты кружок высокага веснавога сонца. Ён то хаваўся, то нечаканай радасцю кружыўся, выплываў зноў. I, адбіваючыся ад мігатлівай вады, што бруілася ў звілістых, крывых, як вены на руцэ, латачынах, калюча сляпіў вочы.

Корсак зажмурыўся і навобмацак падняўся на камень перад ганкам, навобмацак увайшоў у сені. Задыхнуўся ад паху вантробаў і свежай крыві — падвешаная заднімі нагамі за прывязаны да бэлькі дручок, тут, у сенцах, астывала бела-ружовая цялячая тушка, у чыгун з абрубка шыі сцякала загуслая кроў.

— Свяжуяце? — заміж прывітання спытаў Корсак, не прывыкшы яшчэ да поцемку ў хаце і нікога не бачачы.

— Якое тут свежаванне,— адазваўся недзе тут поруч каля Корсака і заперхаў ад кашлю стары Літавар.— Гэта ж чуў? Мусі — не? Казакаў нямцэ нагналі. Нейкага, кажуць, паходнага атамана Паўлава прывязлі.

— Якіх казакаў?

— Якіх пытаеш? А тых, што па вёсках стаяць ужо.

— Во, не чуў.

— Дак чуй. Коней забіраюць...

— Без коней будзем жыць,— Корсак прымружана паглядзеў у поцемак, з якога ўжо выплыла лава і стары Літавар з жоўтаю глінянаю міскай на каленях, у якой пакалыхвалася зеленаватая саладуха з белымі пярсцёнкамі накрышанай цыбулі.

— Ён будзе жыць...— Літавар счарнелаю драўлянаю лыжкаю злавіў у місе тонкі пярсцёнак цыбулі.— Ятвязь вунь спалілі... Людзі гінуць, як мухі ўвосень, а ён будзе жыць,— і Літавар сербануў з лыжкі гэты белавата-тонкі пярсцёнак цыбулі і пачаў жаваць бяззубымі дзёснамі.

— Не крычы, Ясь,— трохі паспакайнеў ад чужой нервовасці Корсак.— Я ж не ўкінуў табе агню ў хату.

— Гэта ж праўда. Агонь свой — вунь у шуфлядцы ў стале: павестка Броніку... I твайму, кажуць?..

— Ды пецярым,— ад стала нарэшце падняў свой гарбаваты, апушчаны да губы нос Бронік Літавар.— Мне, можа, ужо і не першыня. Служыў у польскім, служыў у савецкім, паслужу і ў беларускім войску.

— Якое яно там беларускае. Нямцэ кіраваць будуць,— махнуў чорнаю вышчарбленаю лыжкаю стары Літавар.

— Хто не будзе — адна халера: вайна,— уздыхнуў і прысеў на лаву Корсак.

— Гэта праўда — людзі пазвярэлі,— стары Літавар зашкроб лыжкаю па місе, ловячы кроплю кіслай, як воцат, саладухі.

— Я пазаўчора сам бачыў, як казакі ў Дварчанах дзяўча білі. Нешто ўкрала,— Бронік засмяяўся і ўстаў з-за стала, пераступаючы слупок сонца, што вірыў сіняватым пылам.— I смех і грэх глядзець было. Паклалі на ржавае кола ад вагона, што стаяла ў тупіку, перагнулі ды нагайкай. Дзяўчына крычала, як голаў сцяць.

— Дзіва што крыкнеш. Ведаю гэтыя нагайкі. Арапнікамі іх называюць. У тую вайну казакі імі людзей у бежанства гналі. Помніш, Ясь? — Корсак павярнуўся да старога Літавара, што трымаў на каленях гліняную місу. Левая рука ў яго калацілася. I Корсак у жальбе падумаў, што Літавар на вачах стаў старэць і чэзнуць.