Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 85

Сергей Песецкий

Федзя Гусар быў заняты новай інтрыжкай і лекаваннем хворай нагі. З дому цягам некалькіх дзён ён наогул не выходзіў. І не ведаў, што кватэра знаходзіцца пад клапатлівым і асцярожным назіраннем следчай паліцыі. Неяк увечары, праз пару дзён пасля Лісінай здрады, Федзю асабліва востра балела нага, і ён ляжаў у ложку. У пакой увайшла Зіна і прашмыгнула пад коўдру. Яны ляжалі ў цемры і ціхенька размаўлялі. За вокнамі гуляў вецер. Дождж заліваў шыбы.

Гусару падалося, што на дварэ чуваць чыесьці асцярожныя крокі. Ён сказаў пра гэта Зіне.

— Гэта вецер… Дошкі на гарышчы трашчаць, — супакойвала яго дзяўчына.

Але Федзя трывожыўся. Ён наогул ніколі не адчуваў сябе ў бяспецы. Як звер у лесе, заўжды і паўсюль ветрыў пагрозу. І цяпер ён дастаў з-пад падушкі пісталет так, каб Зіна яго не заўважыла, і ў цемры падышоў да акна. Прыціснуў твар да шыбы, глядзеў у цемру і прыслухоўваўся. Яму зноў падалося, што поруч з акном хтосьці ёсць.

— Хадзі ў ложак. Чаго ты там мерзнеш? — сказала Зіна.

Яна і не падазравала, што ейны каханак — бандыт у росшуку. Інакш і ёй было б неспакойна.

Праз чвэрць гадзіны на ганку дома бразнуў званок. Гусар сказаў: «Яны», — і падарваўся з месца.

Зіна яго не зразумела.

— Хто яны?

Гусар не адказаў. Ён спехам апранаўся. Тым часам званок заходзіўся безупынку.

— Хто гэта? — ускрыкнула перапалоханая Зіна.

Ейная маці і сёстры таксама паўставалі. Запалілі лямпу.

У гэты момант ва ўваходныя дзверы пачалі біць чымсьці цяжкім. Чуліся нейкія галасы. Гусар выштурхаў сваю перапалоханую каханку за дзверы, а сам кінуўся да акна. Торапка зняў гаршкі з кветкамі і паадмыкаў засаўкі. Ён быў гатовы скочыць.

Бандыт піхнуў раму, і акно адчынілася. Амаль адначасова з гэтым звонку на яго ўпала палоска святла ад ліхтарыка і грымнуў стрэл. Гусар не адступіў — ён таксама адказаў успышкай ліхтарыка і двума стрэламі, ужо выскокваючы вонкі.

Зноў грымнулі стрэлы. Гусар уцякаў у мільгатлівых промнях ліхтарыкаў. Ён адчуў, што паранены. Кінуўся ўбок. Стаў. Зноў стрэліў двойчы. Але не мог схавацца ад святла ліхтарыкаў. Куля прашыла яму левае плячо. Ліхтарык выпаў з рукі.

Гусар дабраўся да расчыненых дзвярэй дрывотні. Ён ужо ведаў, што не ўцячэ. Увесь двор быў акружаны.

Ён лёг на зямлю і чакаў… Нага вельмі мучыла яго. Ён адчуваў таксама, што слабее ад страты крыві. У пісталеце ў яго засталіся толькі тры набоі.

Ён падпоўз да дзвярэй дрывотні, каб ведаць, што адбываецца звонку.

Там мільгалі ліхтарыкі. Дрывотню акружылі па перыметры. Ліхтарыкі асвятлялі яе. Час ад часу гучалі стрэлы.

«Дзве кулі для іх. Адна — для мяне».

Ён выгадаў зручны выпадак і стрэліў. Трапіў. Хтось там застагнаў. У бок дрывотні паспешліва пачалі страляць, але штурмам не бралі. Праз чвэрць гадзіны Гусар стрэліў яшчэ раз. Цяпер у яго засталася толькі адна куля — для сябе.

Ён усё больш слабеў. Плячо гарэла, ліпкая ад крыві левая рука страшна цягнула долу.