Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 86

Сергей Песецкий

Неўзабаве ён пусціў у ход апошні набой — апошні раз у жыцці — гэтым разам сабе ў рот.

У той дзень і назаўтра Менск хутка, але няўмела ачышчалі ад злачынных элементаў. Найбольшы націск быў зроблены на захоп удзельнікаў нападу на кватэру малочнага фабрыканта: з фактычных удзельнікаў «гранды» забілі Гусара і арыштавалі — на падставе Лісіных паказанняў і іншых дадзеных Следчага камітэта — Балерона, Міхала Глузда, Партача і Жарабка. І шасцёра фактычных нападнікаў засталіся на свабодзе. А вось арыштавалі — па абвінавачванні ў гэтым нападзе — дзевяць іншых хлопцаў. Усяго затрымалі трынаццаць чалавек. Добрага алібі ні ў каго не было. Некаторых назвала Ліся як вядомых ёй па аповедах Гусара ўдзельнікаў гранды. Іншых пазналі на вочнай стаўцы сямейнікі фабрыканта і супрацоўнікі фабрыкі. І ім аніякім чынам не дапамог той факт, што ў нападзе яны напраўду ўдзелу не бралі.

Злодзеі яшчэ больш старанна залеглі па малінах. У ход пайшла выведка ў Следчым камітэце. Арыштаваным супольнікам перадавалі грошы, ежу і інфармацыю. Некалькіх хлопцаў выкупілі. Толькі са справы гранды не ўратавалі нікога — нават з невінаватых.

«Падпольны» Менск затаіўся. Чэсік Свабода казаў Грамадзяніну, якога заспеў у трушчобе Цыпы:

— Калі ўжо прыйдуць таварышы! Жыцця няма ад гэтых буржуйскіх халуёў!

Грамадзянін уважліва агледзеў яго задуменнымі вачыма:

— А што, думаеш, бальшавікі нам дапамогуць?

Свабода загарэўся:

— Я не думаю, а ведаю! Гэта камуністы, якія нясуць хлеб і свабоду ўсім бедакам, усім ахвярам буржуазнага свету.

— Ну, пабачым…

СЕМ СЭРЦАЎ

Тамаш Хурдзіч вярнуўся дамоў п’яны. Ужо некалькі дзён ён злаваўся з дурной нагоды. Колькі дзён таму на Захар’еўскай ён сустрэў Барана. Злодзей спыніўся. Засунуў рукі ў кішэні і ўважліва прыглядаўся да Хурдзіча, быццам да нейкага незвычайнага звера: погляд гэты быў поўны іроніі і пагарды. Хурдзічу язык часаўся ад зняваг і абраз, але ён стрымаў іх у сабе. Збаяўся. І ўсведамленне ўласнага страху перад гэтым «зяцем» так яго раззлавала, што ён пачаў піць. Гэта доўжылася ўжо некалькі дзён. Цяпер, ужо дома, Хурдзіч шукаў зачэпкі для скандалу. У сенцах ён убачыў адчыненыя дзверцы на гарышча. Хістаючыся, ён палез наверх. З гарышча выбег кот. Хурдзіч паспеў пхнуць яго і скіраваўся да галубоў. Дзверы ў галубятню былі прачыненыя. А ўнутры ў жаху кідаліся птушкі. Адзін задушаны голуб ляжаў на зямлі. Кот не паспеў яго зжэрці, ад другой птушкі засталіся толькі косткі і пер’е.

Хурдзіч выбухнуў плынню рускай лаянкі. Бразнуў дзвярыма на гарышча і скаціўся па лесвіцы ў сенцы.

— Нюра! — рыкнуў ён на жонку.

Жанчына з мокрымі па локці рукамі выйшла з кухні. Убачыла твар мужа і жахнулася.

— Чаму дзверы на гарышча адчыненыя? Мне кот галубоў падушыў!

— Я бялізну вешаю. Як заўжды. Ты сам пакінуў галубятню адкрытай. Я бачыла. Думала, ты там робіш штосьці.

— Думала яна! Я цябе навучу думаць!

Хурдзіч штурхануў жанчыну ў грудзі так, што яна ўсім целам адляцела да сцяны. Пасля схапіў яе за шыю і страсянуў.

— Думала яна, падла! Не думаць трэ было, а глядзець.