Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 87

Сергей Песецкий

Абвінавачванне ў нядбальстве канчаткова вывела Тамаша з раўнавагі. Ён трос жонку. Біў ёю аб сцяну. Глуха рычаў у шаленстве:

— Я вас, халеры, навучу розуму!

Раптам ён адчуў, што цела жанчыны аслабла. Ён адпусціў яе. Нюра асунулася на падлогу.

Хурдзіч апамятаўся. Лінуў жонцы ў твар вялікі кубак вады. Але жанчына не прытомнела. Тамаш аднёс труп у спальню і кінуў на ложак. Ён быў ашаломлены. Не мог паверыць, што Нюра памерла. Трос яе. Думаў, што яна прыкідваецца. Алкаголь выпарыўся з ягонай галавы. Ён паклікаў Юліка.

— Ляці хутчэй па Паўлінку. Скажы, што маці памерла. Няхай адразу ж сюды ідзе.

Хлопец знайшоў Паўлінку ў краме. Перапужаны, ён паспешліва пераказаў ёй бацькавы словы. Паўлінка адразу ж зачыніла краму і пабегла дамоў. Там яна сцяміла, што і як, і адразу ж узялася за работу. Паклікала лекара. Стасю — трынаццацігадовую сястру — адправіла прыбірацца ў кухні, бо нябожчыца не дапрала бялізну. Бацьку, якога яна неспадзявана перастала баяцца, сказала:

— А вы, тата, тут не швэндайцеся, а падумайце, як труну зрабіць!

— Што-о? — інстынктыўна сказаў Тамаш і насупіў бровы.

Баран цяпер найчасцей сядзеў дома. Нават узяў некалькі замоваў. Апошнія арышты непакоілі яго.

Раніцай Паўлінка ішла ў краму. Вярталася на абед. Пасля зноў гандлявала і вярталася ўвечары. Пасля вячэры яна звычайна сядала падлічваць касу. Было відаць, што гэтыя хвіліны для яе найбольш прыемныя.

Баран усё яшчэ назіраў за ёю. Ён бачыў, як Паўцін твар падчас падліку грошай напаўняўся значэннем і жыццём. Вочы блішчалі. Называючы пасля падлікаў суму даходу за дзень — часам гэта былі даволі вялікія грошы, — Паўлінка ажно свяцілася ад шчасця.

Баран не давяраў ёй, але па-ранейшаму кахаў. Кахаў, нягледзячы ні на што. А Паўлінка была з ім шаўковая. Казала пяшчотныя словы. Салодка ўсміхалася. Нават у эратычных стасунках узяла на сябе вядучую ролю. У яе быў рэдкі, як на жанчыну, стыхійны тэмперамент і багатая фантазія. А паколькі пачуцця сораму яна не мела зусім, то абыходзілася з Алікам свабодна, а нават і разбэшчана. Паўця меркавала, што гэта найлепшы спосаб цалкам падпарадкаваць яго. Барану ейныя пяшчоты прыносілі вялікую асалоду, але былі і непрыемныя таксама. Ён занадта кахаў дзяўчыну, каб ставіцца да яе як да інструменту задавальнення. Але душа і спагада Паўці былі яму недаступныя — як недаступнае было і ейнае каханне. Яна не магла даць яму таго, чаго наогул не мела. Кахаць яна магла толькі сябе і плады сваёй фантазіі. Яна была пустая, легкадумная, нават дурная. Але вельмі ганарлівая. Сэрца Паўлінкі было пустое і фальшывае. Сэрца Аліка было вернае, велікадушнае і скалечанае.

Пасля матчынай смерці Паўлінка вымушаная была заняцца пахаваннем і домам. Увечары яна на хвілінку зазірнула да Барана. Хутчэй па патрэбныя ёй рэчы, чым каб паведаміць пра смерць маці. Яна сказала:

— Алічак! Я колькі дзён буду занятая дома. Ты тут справішся!

— Добра, — адказаў Баран.

Ён усё яшчэ сядзеў дома. Працаваў. Сам гатаваў. І думаў, думаў, думаў…

Калі ў кватэры зняць са сцяны карціну або люстра, якое даўно, хай сабе і без патрэбы, там вісіць, адчуваецца недахоп чагосьці. Нас уражвае і непакоіць пустое месца. А калі не стае каханай жанчыны — магіла. Халодная, цяжкая пустка. А ў ёй жыве чалавек з парванай душой, які пакутаваў усё жыццё. Падманлівым каханнем ён ратаваў сябе.