Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 83
Сергей Песецкий
Праз некаторы час дзверы ў пакой Гусара адчыніліся і без груку ўвайшла Зіна.
— Ідзі снедаць, — звярнулася яна да Федзі і, пагардліва надзімаючы вусны, крытычным поглядам акінула Лісю.
З пакою Зіна выйшла, ляснуўшы дзвярыма.
— Гэта што за шыкса? — спытала крыху збянтэжаная Ліся.
Гусар не ведаў, што рабіць.
— Гэта… гэта… мая нарачоная…
— Нарачоная?! А чаму ты мне раней пра гэта сказаў?
— Я толькі ўчора заручыўся.
— Ах так!.. Вельмі міла. А мяне на памыйку! Пакуль трэба, то цацкі-вацкі, а цяпер дык пайшла вон!
— Я цябе зусім не ганю.
— Я сама пайду!
Ліся думала, што Гусар будзе яе затрымліваць, таму падарвалася з месца. Але Федзя толькі ўсцешыўся такому ходу падзей. Дастаў з кішэні некалькі банкнот і даў іх дзяўчыне. Тая кінула іх на падлогу. Пасля падняла. Плюнула і выйшла, кідаючы на развітанне:
— Здохніце тут абое! Сволачы!
З самага пачатку гэтай размовы Федзю карцела навучыць яе розуму, але з прычыны свайго «засвечанага» становішча ён стрымаўся.
Ліся ішла вуліцамі раз’юшаная, поўная крыўды. Яна напраўду адчувала сябе дзяўчынай, ашуканай каханкам. Яе грыз жаль па страце добрай крыніцы ўтрымання. Дзяўчына шкадавала, што дагэтуль так памяркоўна выцягвала з Гусара грошы.
«Цяпер тая будзе яго даіць».
Ліся выйшла ад папярэдняга каханка нашча, разлічваючы паснедаць у Гусара. І ўсё так кепска абярнулася. Яе агарнуў шал. Яна ўяўляла сабе, як Федзя цяпер з той «дрыздай» аб’ядаецца прысмакамі і як яны кпяць з яе — з беднай Лісі, якая галодная туляецца па вуліцах. План дня быў разбіты. Яна не ведала, што рабіць. Нечакана ў ейным жыцці ўтварылася пустка, якую нельга было хутка запоўніць. У Лісінай галаве пачалі раіцца планы помсты. «Заб’ю шэльму! І яе таксама!.. Яе першай!»
Але замест таго, каб хапацца за зброю, яна ўхапілася за крыху іншы спосаб помсты — той, якім звычайна карыстаюцца гістэрычкі і духоўна слабыя людзі. Яна скіравалася на Серпухаўскую ў Следчы камітэт.
Ліся апамяталася толькі тады, калі праспявала ўсё. Яна ўяўляла, як здасць Гусара і такім чынам адпомсціць Зінцы. «Ані мне, ані табе!» Акрамя таго, яна даткліва, але слушна пакарае двудушнага каханка. Тым часам у аддзяленні зарыентаваліся, што госця ведае шмат, і прысвяцілі Лісі асаблівую ўвагу.
Калі дзяўчына даспявала тое, што хацела сказаць сама, яе пачалі дапытваць падрабязна. Ліся не хацела «сыпаць» больш нікога. Тады яе адправілі ў камеру. Да вечара. У камеры яе акружылі іншыя зняволеныя, што сядзелі тут даўжэй. Яны яшчэ лічылі Лісю сваёй. Пад уплывам размоваў у камеры Ліся апрытомнела.
Тут сядзелі пераважна блатныя жанчыны, якія ненавідзелі «гінтоў». Калі Лісю спыталі, за што яна трапілася, яна збянтэжана адказала:
— Гэта непаразуменне. «Лягавы» мяне з вуліцы ўзяў. Павінны зараз вызваліць. Можа, яшчэ сёння.
— Трапіць сюды лёгка, выйсці — горш! — адказала скептычна адна са зняволеных, прафесійная шапенфельдэрка.
Ліся неўзабаве сама ў гэтым пераканалася.
Увечары яе выклікалі на допыт. Яна была ў жаху. Ад сукамерніц Ліся ведала, што гэтыя вечаровыя допыты часта заканчваюцца рукапрыкладствам. Адна з жанчын паказвала ёй вынікі такога допыту на ўласным целе: пісягі, сінякі і ацёкі.