Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 78
Сергей Песецкий
ЗЛАДЗЕЙСКІ ЛЁС
Антэк Турак і Сыронь — два абротнікі — выбраліся за дзясяткі кіламетраў ад горада па «юса». На яго навёў злодзеяў сусед заможнага селяніна, які такім чынам хацеў адпомсціць. Супольнікі намерваліся падысці пад хутар наводчыка і, згодна з яго ўказаннямі, юса ліквідаваць.
Паколькі ішлі яны са «статкамі» і былі вядомымі злодзеямі, то, — каб не нарвацца дзесьці на «гінта» — выйшлі з горада на досвітку. Дарога вяла праз вялікі і прыгожы Архіерэйскі лес.
Для чалавека, якога зацягнуў горад і які не бачыць ніколі ані ўсходу сонца, ані заходу зорак, прыроды не існуе. Злодзеі былі незалежныя і па-дзіцячы шчырыя. Іх «свабодная» прафесія не абцяжарвала галаву пастаянным клопатам пра неабходнасць зрабіць нейкі інтэрас. Яны жылі, быццам у сне, і наіўнымі, дзіцячымі вачыма глядзелі на ўсё навокал. Толькі саромеліся гучна выказваць свае настроі і думкі.
Калегі мінулі вялікую паляну, і злева, паміж рэдкімі камлямі дрэваў замільгацелі ружовыя палоскі. Пасмы святла ператкалі сівы туман і пабеглі па дрэвах, сягаючы ўсё вышэй. Верхавіны соснаў адразу ж засвяціліся ружовым, а пасля заліліся чырванню.
Турак і Сыронь, быццам бы ў змове, селі на камель вялізнай сасны, зваленай навальніцай на адпачынак пасля 200 гадоў жыцця і ціхага змагання. Злодзеі пачалі круціць папяросы.
— Глядзі — як кроў! — амаль шэптам сказаў Сыронь.
Там, куды яны глядзелі, ужо клаўся малінавы шаль, а туман прыпаў да травы.
Хлопцы рушылі далей. Апоўдні выкупаліся ў ручаі і паглыбіліся ў лес, збіраючы арэхі. Набілі імі поўныя кішэні і зноў выйшлі на прыгожую лясную дарогу.
Было дамоўлена, што да наводчыка яны прыйдуць у прыцемку, каб ніхто з суседзяў не заўважыў іх прыходу.
Вёў Сыронь. Ён акурат дамаўляўся з наводчыкам — сваім старым кліентам, які купіў у яго крадзенага каня і карову. Цяпер дзядзьку надарылася аказія адпомсціць ворагу-суседу і атрымаць з работы кавалак свінінкі.
Надвячоркам Сыронь згубіў патрэбную сцежку. Ён пачаў яе ціўкаць, але калегу нічога не сказаў. Урэшце ён зусім заблукаў у сетцы лясных дарог і паваротак. І толькі тады сказаў: