Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 80
Сергей Песецкий
Сыронь ужо не крычаў, а толькі хрыпеў. Твар у яго быў чорны ад крыві. Адно вока выплыла. Варушыліся збітыя вусны, за якімі ўжо не было зубоў. Мужыкі не гаварылі амаль нічога. Цяжка дыхалі і білі, хто як мог, абы толькі мацней. І тут хтосьці сказаў:
— Дошку яму на спіну і сякерай. Ані следу не будзе!
Гэта была лухта, бо Сыронь быў збіты і знявечаны з галавы да ног. Ён толькі хрыпеў у непрытомнасці.
Прынеслі дошку. Мяккае цела Сыроня перавярнулі тварам долу. Сякера замільгала ў паветры, з хрустам апускаючыся на дошку, з якой ляцелі трэскі. Інструмент вырывалі адзін у аднаго з рук. Кожны хацеў хоць раз ударыць. Сыронь не варушыўся. Ён быў мёртвы.
І раптам лопнула шыба, і ў пакой уляцеў вялікі камень. Пасля другі, трэці, чацвёрты. Турак ашалеў. Па ягоным твары ляцелі слёзы. Ён схапіў вялікі шабер і хуткімі, ціхімі скачкамі кінуўся да ўваходу ў сенцы. Там левай рукой уключыў ліхтарык. Турак бачыў, што мужыкі пачнуць уцякаць з цёмнай хаты, бо адзін з камянёў змёў са стала лямпу. І злодзей не памыліўся. Людзі ўнутры аслупянелі на нейкі момант, а пасля іх агарнула паніка. Яны кінуліся да дзвярэй. Усёй фйтурмой. У сенцах Турак выцяў першага шаберам па галаве. Селянін асунуўся на падлогу. Злодзей ударыў другога. Ён быў нябачны за снопам святла з ліхтарыка.
— Людзі, ратуйце!
З хаты раздаўся крык. Усе кінуліся ад дзвярэй і, спатыкаючыся на труп Сыроня, пачалі ламаць вокны і вылазіць праз іх.
Антэк Турак, трасучыся, быццам у ліхаманцы, ад злосці і страху, з шаберам у руцэ пад покрывам ночы выйшаў на двор.
У змроку ён выбраўся за вёску. Здалёк да яго даносіліся крыкі і воклічы. Ва ўсёй вёсцы заходзіліся сабакі. Колькі разоў прагучалі стрэлы.
Турак ішоў палямі і лясамі ў тым кірунку, у якім, як яму падавалася, быў Менск. Толькі апоўдні, пасля доўгіх блуканняў, ён трапіў у горад. Пайшоў да калегаў-блатных і ўсё распавёў ім. Яму далі гарэлкі і паклалі спаць.
Сыронь быў «ваенным» злодзеем. Да вайны ён працаваў пуцявым абходчыкам. У 1915 годзе яго паранілі на фронце. Пасля лячэння ён быў прызнаны непрыдатным да ваеннай службы. Сыронь вярнуўся ў Менск, дзе ў яго была жонка і трое дзяцей. Ён пачаў хадзіць па вёсках і купляць масла, яйкі, сыр, курэй. На гэтыя грошы яны з сям’ёй ледзь выжывалі.
Адзін селянін прапанаваў яму скрасці суседаву карову і адвесці яе сваякам, на іншы бок горада. Сыронь, карыстаючыся яго інфармацыяй і дапамогай, усё зрабіў. Падвярнулася яшчэ некалькі такіх выпадкаў, і Сыронь стаў абротнікам. І цяпер ён загінуў ад рук тых, хто сам ахвотна купляе крадзеную скаціну і рэчы, «каб танней», і ахвотна «здае» злодзеям суседзяў, асабліва калі з гэтага ім самім будзе нейкая выгада.
Злодзеі ўзрушыліся смерцю Сыроня. Бэсцілі Турка, што пайшлі без зброі. «Да гадаў без рулі нават па курэй не сунься!»