Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 76

Сергей Песецкий

— Усё на месцы? — спытаў спадар, які адчыніў Ясю дзверы.

— Так.

Ясь адразу адчуў, што трапіў у пастку. У двух прысутных мужчынах ён адчуў «гінтоў». Адзін з іх звярнуўся да Яся на «ты»:

— Дакументы пакажы.

Ясь падаў яму дакументы.

— Увесь кашалёк давай!

Другі мужчына тым часам старанна агледзеў Яся. «Меў рацыю Баран», — падумаў Ясь. Страху ён не адчуваў, толькі злосць, што так па-дурному трапіўся. Ён стараўся прадбачыць пытанні, якія яму будуць задаваць, але абшукалі яго нядбайна. Пратаколу не складалі. Спачатку яго мусілі дапытаць у раённым участку.

У Яся забралі дакументы, грошы, гадзіннік і сцізорык. Пасля ў суправаджэнні двух агентаў адвезлі фурманкай у першы ўчастак на Даўгабродскай. Ясь ведаў рамізніка, які падтрымліваў сувязь з блатнымі. Рамізнік таксама яго пазнаў. Паніч падміргнуў яму і рухам галавы даў знак: «Папярэдзь хлопцаў!»

Праз гадзіну Баран ужо ведаў, што Паніча «павязалі» і што ён у першым участку. А пад вечар Ясю ў камеру перадалі пакунак з ежай. Яго даслала Маруся Лобава, якой Баран сказаў, што хлопца арыштавалі. Ён ведаў, што яна Ясева каханка, і пабойваўся, што ў яе кватэры могуць быць «трэфныя» рэчы. Марусю Ясеў арышт не напужаў зусім. Яна толькі перагледзела рэчы, што ён пакінуў. Усё расклала асобна: што ў шафу, што ў камоду, — і пачала гатаваць яму ежу. Назаўтра да яе прыбег збялелы ад страху за свой інтэрас Жардонь. Ён соваў ёй у рукі грошы і казаў:

— Ты ім займіся… Я не магу… Грошы ёсць, колькі хочаш… Вазьмі адваката ці як там…

— Нічога не трэба. Я сама ўсё зраблю, — адказала яму Маруся.

І праўда, яна зрабіла ўсё, што было можна. Нават трапіла да начальніка ўчастка, які дазволіў ёй убачыцца з Ясем. Сустрэча прайшла ў канцылярыі ў прысутнасці двух чыноўнікаў, што сядзелі за сваімі сталамі, і аднаго паліцэйскага.

Маруся горача абдымала Яся. Хлопец расказаў ёй прыдуманую гісторыю пра тое, як знайшоў на могілках часткі машыны і як яго з гэтай прычыны арыштавалі. Маруся сказала, што яго, несумненна, хутка вызваляць. Што яна зробіць усё, што ён захоча, каб дапамагчы яму.

Аднак дні ішлі, і Ясь зразумеў, што так хутка на свабоду ён не выйдзе. Што праўда, праведзены нядбайна вобшук вынікаў не даў, але Следчае аддзяленне даслала ліст, што, маўляў, справа сур’ёзная і пасля высвятлення дэталей ва ўчастку Яся трэба накіраваць для далейшага следства на Серпухаўскую. Паніч адчуў, што можа надоўга завязнуць за кратамі. Справу могуць скіраваць у суд, які праз увесь гэты гармідар можа адбыцца вельмі няхутка. Гэта ён добра ведаў. «Гэта тыя цывілы і “гінты” ўсю справу завострылі», — зрабіў ён выснову.

Натуральна, супрацоўнікі Следчага камітэта зацікаўленыя не ў раскрыцці справы, а ў затрыманні злачынцы. Бо гэта колькасны вынік. Таму ўсе падазрэнні адразу ператвараюць у доказы, а з абвінавачанага робяць вінаватага. Гэта надзвычай проста, нават калі ў абарот трапляе зусім невінаваты чалавек. Хто з нас можа даць моцнае алібі на кожную гадзіну свайго дня? Хто можа даць жалезныя паказанні ў якой-колечы справе? Усё падуладнае тэндэнцыі і добрай або злой волі пратакаліста. У дадзеным выпадку затрымаць злодзея было патрэбна, таму Ясеў лёс быў вырашаны, нягледзячы на тое, што істотных доказаў супраць яго не было. Паніч ведаў, што ў Следчым аддзяленні яго маглі змусіць прызнаць сваю віну запалохваннем, абяцанкамі і нават біццём. Цяпер ён шкадаваў, што так па-дурному сам улез у камеру. Ён быў тут толькі некалькі дзён, а ўжо сумаваў па свабодзе. Ужо былі невыносныя і гэтая смярдзючая камера, і цвёрдыя нары, і раі паразітаў. А найгоршае было тое, што ён не мог па сваім жаданні выйсці з гэтай замкнутай прасторы. Што толькі чужая воля магла адамкнуць гэтыя зачыненыя за ім дзверы. Ясь не спаў. Сядзеў на падаконні і глядзеў у чорную глыбіню ночы за кратамі. Перарваўшы яго трывожны, лёгкі сон, Яся жэрлі клапы. За ім на брудных нарах спалі яшчэ трое вязняў. Селянін з сынам, якіх арыштавалі за адсутнасць дакументаў і якія сцвярджалі, што ў іх наогул ніякіх дакументаў няма, толькі метрыкі, і тыя — каб не згубіць — яны трымаюць дома, і затрыманы да працверазення п’яны каваль з прадмесця.