Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 74

Сергей Песецкий

Праз колькі дзён Казік Марэцкі распавёў Ясю, што, ідучы на «скок», знайшоў ля Хрышчэнскай вуліцы, у калідоры на першым паверсе прыбудоўку, якую аніяк нельга адкрыць адмычкамі, хоць замок і выглядае звычайным.

— Можа, знутры зачынена на засаўку ці кручок? — спытаў Ясь.

— Але там не жыве ніхто. Дакладна. Зрэшты, там і вокнаў няма.

Увечары яны пайшлі туды разам. Ясь спрабаваў адной адмычкай адкрыць замок. Рукой ён адчуваў зуб засаўкі, падымаў яго ўверх і вёў налева. Але потым засаўка зрывалася і з трэскам, досыць моцным у акустычным калідоры і пад’ездзе, падала назад. Ясь некалькі разоў паўтарыў гэтую спробу і адмовіўся. Ані Ясь, ані Казік не разбіраліся ў слясарнай справе. Яны ўмелі толькі ўпраўляцца з усімі нумарамі адмычак і ведалі прынцыпы канструкцыі замкоў. Гэты выпадак быў для іх загадкавы. Яны сышлі з нічым.

Надвячоркам Ясь зайшоў у гатэль, дзе жыў Ажур, і падрабязна распавёў яму пра загадкавы выпадак. Ажур усміхнуўся. Ён адразу зразумеў, у чым загадка.

— Дзверы на спружынным замку. Іх можна звычайным кручком адчыніць. Толькі трэба, як пойдзе ўгару, не адкідваць засаўку, бо яе там няма, а пацягнуць дзверы на сябе.

Увечары Ясь сам пайшоў на Хрышчэнскую. Засунуў кручок у шчыліну ад ключа і, не прытрымліваючы дзверы, калі адмычка падняла засаўку, пацягнуў на сябе. Дзверы прачыніліся. Ясь прычыніў іх за сабою і пасвяціў ліхтарыкам. Убачыў цёмнае памяшканне, а ў ім дзве вялікія скрынкі, збітыя з дошак. Яны былі моцныя і шчыльныя. Краі былі абабітыя жалезнымі ліштвамі. Ясь паспрабаваў іх падняць і ледзь здолеў ссунуць з месца.

Тым самым вечарам Ясь распавёў Марэцкаму пра вынікі сваёй прагулянкі. Калегі вырашылі забраць скрынкі. Напэўна ж, яны не пустыя. А там мог быць і вельмі дарагі тавар. Ясь прапанаваў Барану паўдзельнічаць у рабоце. Майстар не надта ахвотна пагадзіўся: работу ён палічыў няпэўнай, сляпой і занадта дробнай для прыкладзеных высілкаў.

Назаўтра пад фасад дома на Хрышчэнскай пад’ехаў Стась Рамізнік. У павозцы сядзеў Баран. Казік Марэцкі і Ясь павінны былі падрыхтаваць усё да пагрузкі. Па баках цяжкіх скрынак яны зрабілі моцныя ручкі з вяровак.

Вечар быў цёмны. Супольнікі паспешліва вынеслі і пагрузілі скрынкі. Стась паехаў. Усе скіраваліся на маліну Казіка да Кацярыны, у былы схоў Барана. Калі яны прыйшлі, Стась ужо чакаў іх. Ён крыху пашкодзіў воз цяжкім грузам. Учатырох яны ўнеслі скрынкі ў кватэру і пачалі распакоўку. Перад вачыма блатных з’яўляліся бліскучыя сталёвыя колы, шасцярні, рычагі. Аглядаючы іх, злодзеі прыйшлі да высновы, што гэта нейкая складаная, дакладная машына. Але што яна робіць, яны зразумець не маглі. Усе былі расчараваныя і знявераныя такім вынікам.

Праз два дні ў гарадской газеце з’явілася надрукаваная тлустым шрыфтам аб’ява: