Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 75

Сергей Песецкий

«За вяртанне або ўказанне месца, дзе знаходзяцца часткі зніклай 19 верасня машыны для вытворчасці цыгарэтных гільзаў, будзе выплачана сума ў 200 000 ост-рублёў. Звяртацца па адрасе: вул. Хрышчэнская, дом № 14, кв. 2, з 10.00 да 2.00 па абедзе».

Ясь параіўся з Баранам. Ён хацеў вярнуць машыну і атрымаць узнагароду. План вяртання быў распрацаваны. Яны аднясуць часткі на вайсковыя могілкі і там схаваюць у зацішным месцы, а з раніцы Ясь пойдзе на Хрышчэнскую і скажа, што выпадкова знайшоў іх там. Баран не раіў яму гэтага рабіць.

— Ніколі не вер фраеру! Што сабака брэша, што фраер абяцае, усё на адзін капыл выйдзе. Як не будзе з квасу піва, так з фраера чалавека слова не будзе.

— А я паспрабую. Яны нічога не дакажуць. Знайшоў, і ўсё. А можа, і выплацяць.

Баран упэўнена сказаў:

— Рабі, як хочаш. Толькі памятай, што фраер цябе, калі зможа, за твае ўласныя грошы ўдушыць, а што ўжо пра ягоныя грошы казаць!.. Мне з тых грошай доля непатрэбная!

Нягледзячы на гэта, Ясь з Казікам Марэцкім пад аховай вечаровай цемры папераносілі часткі машыны на вайсковыя могілкі. Там яны схавалі іх у загадзя нагледжаным месцы. Праца была доўгая і непрыемная. Яны вярталіся шмат разоў. А на наступны дзень а дзясятай Ясь пайшоў па згаданым адрасе. Папярэдне ён прывёў у парадак кватэру, каб магчымы вобшук не даў аніякіх вынікаў. Прыбраў адтуль усе каштоўныя рэчы, аддаўшы іх на захаванне Марусі Лобавай, якая здзівілася, але ні пра што хлопца не распытвала.

Ясь пазваніў ва ўжо знаёмыя яму з работы дзверы кватэры нумар два. Амаль насупраць вядомай прыбудоўкі. Адчынілі адразу ж. У паўцёмным пакоі Ясь разгледзеў фігуру старэйшага нізкага мужчыны ў акулярах.

— Вы да каго?

— Я па аб’яве ў газеце.

— Ага!.. Прашу вас…

Неўзабаве Ясь апынуўся ў пакоі, часткова падобным да канцылярыі, часткова — да бібліятэкі. Сцены былі застаўлены шафамі з кнігамі, а на двух вялікіх сталах ляжала мноства папераў, фармуляраў, эскізаў. Ясь коратка расказаў двум прысутным у пакоі мужчынам, што выпадкова знайшоў на вайсковых могілках часткі невядомай яму машыны. Паколькі ён прачытаў у газеце аб’яву пра зніклую машыну для вырабу гільзаў, то вырашыў што гэта акурат яна.

— Добра, — сказаў другі, маладзейшы мужчына. — Грошы вы атрымаеце, калі мы засведчым, што гэта менавіта тая машына, якую ў нас скралі, і калі яна ў камплекце.

Пасля гэтай размовы Ясь у таварыстве яшчэ двух мужчын паехаў грузавым возам у бок вайсковых могілак. Ягамосць, што адчыніў яму дзверы, застаўся дома. Ясь паказаў на могілках месца, дзе напярэдадні ўвечары разам з Казікам яны схавалі часткі машыны. Усё загрузілі на воз і паехалі назад. Дарогай Яся пераконвалі, што зараз яму выплацяць грошы. Маўляў, усе вельмі ўсцешаныя, што часткі знайшліся, бо без іх уся машына была б непрыдатная, а каштуе яна дзясяткі мільёнаў ост-рублёў. Ясю дзякавалі, цешачыся, што выпадак дазволіў яму зарабіць дзвесце тысяч рублёў. Ясь цалкам гэтаму верыў і збіраўся частку сваёй долі аддаць Казіку.

Воз спыніўся перад домам на Хрышчэнскай. Ясь у суправаджэнні спадарожнікаў зайшоў у кватэру. У пакоі цяцер сядзела трое.