Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 73

Сергей Песецкий

Ясь насіўся па горадзе са сваім блатнярствам, як шчанюк з анучай у зубах па падворку. Рабіў работы, але рабіў і псоты. У некаторыя справы ўвязваўся са «спартовай» цікаўнасці.

Ігнат Кулікоўскі прапанаваў яму прадаваць ваду — пад выглядам спірту. Ясь пагадзіўся. У некалькі вялікіх бляшаных бітонаў налілі ваду. Пасля да дзірак у вечках дакладна падабралі бляшаныя трубачкі. У трубачкі залілі спірт. Бітоны былі дзесяцілітровая. А спірту ў трубачках было не больш за чвэрць літра.

Ролі падзялілі наступным чынам: Ігнат чакаў з бітонам спірту ў браме або ў пад’ездзе, побач з Нізкім рынкам, а Ясь шукаў пакупніка, таямнічым шэптам прапануючы адпаведным, на ягоную думку, фраерам «спірцік».

За адзін дзень яны прадалі такім чынам 70 літраў вады, сувора лекуючы аматараў алкаголю.

Пасля з Малыша пажартавала перакупшчыца. Не выплаціла ў тэрмін грошы за тавар. А пазней пачала круціць: задорага, згубіла на продажы і г. д. Малыш параіўся з Ясем, і яны вырашылі адпомсціць сквапнай бабе. Увечары хлопцы пайшлі да канакрада Сыроня, у якога быў вялізны, што тое цяля, сабака даберман. У ваеннай завірусе сабака згубіў свайго гаспадара, і Сыронь, які лепш разумеў жывёл, чым людзей, падабраў яго. Сыроню распавялі, у чым справа. Злодзеі любяць ладзіць жарты, псоты і выкідваць каленцы — быццам дзеці. Калега радасна пагадзіўся, і ўся тройка разам з сабакам надвячоркам выправілася ў кірунку кватэры скупшчыцы. Там Сыронь пачаў пакаваць сабаку ў мех. Добра выхаваны флегматычны даберман верыў свайму гаспадару і не пратэставаў. Мех завязалі. Калегі дапамаглі Ясю закінуць яго на спіну, і хлопец зайшоў да скупшчыцы.

— Вечар добры! — павітаўся ён з парога.

— Добры, добры! А што за інтэрас?

— Хачу табе апыліць цяля з блату.

— А адкуль ты ведаеш, што я купляю? — скупшчыца крыху недаверліва агледзела Яся.

— Ну ведаю і ведаю.. І ад Турка, і ад Нагая. Не хочаш купляць, то да пабачэння… Аднясу Рудой Цыпе. Далей жыве, але дурных пытанняў не мае.

Скупшчыца пацерла рукі. Яна акурат мыла бялізну. Падышла да меха і з цяжкасцю падняла яго.

— Колькі ты за цяля хочаш?

— Разам з мехам чатырыста рублёў.

Гэта было менш за палову ад нармальнай цаны. Скупшчыца ахвотна пагадзілася і па просьбе Яся, які быццам бы кудысьці спяшаўся, выплаціла грошы. Хлопец развітаўся і выйшаў. Супольнікі прыляпіліся насамі да брудных шыбаў, назіраючы, што будзе далей. Задаволеная даходнай аперацыяй, скупшчыца падышла да меха. Развязала яго і пачала даставаць цяля, проста вытрасаючы змесціва на падлогу. У мяху даберман быў засумаваў, то цяпер вылез, пазяхнуў і пацягнуўся. Пасля даволі зычліва скіраваўся да анямелай са страху жанчыны. Скупшчыца закрычала і заскочыла на ложак, а з ложка праз камоду палезла на печ. За акном раздаўся выбух смеху. Перапалоханая і раззлаваная скупшчыца ледзь пазбылася дзіўнага госця, які паводзіўся ў ейнай кватэры надзвычай прыстойна, толькі з’еў згатаваную на заўтра курыцу, што ўжо парэзаная ляжала на кухоннай шафцы.

Праз пятнаццаць хвілін калегі ішлі з Лагойскага тракту на Камароўку. Сыронь паляпваў дабермана, які ўсё яшчэ аблізваўся пасля смачнай вячэры. Малыш атрымаў ад Яся грошы. Хацеў узяць толькі долю, але хлопцу гэтая дробная сума была без патрэбы, а ў Малыша справы ішлі кепска. Ясь радаваўся ўдаламу жарту і пакаранню, якое напаткала несумленную скупшчыцу.