Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 72

Сергей Песецкий

Светам фраераў злодзеі пагарджаюць. Яны пераканаліся, што гэты свет фальшывы, палахлівы, падманлівы. Фраер ветлівы, бо так трэба, але калі ён можа гэтую неабходнасць абмінуць, то ўчыніць такое паскудства, да якога не апусціцца аніводны злодзей. Яны адчуваюць нашы слабасці, подласці (нават глыбока схаваныя і нявыяўленыя) і не маюць да нас павагі. Магчыма, многіх чытачоў уразіць тое, што я пішу. Магчыма, некаторыя абразяцца. Але я нікому не раю патрабаваць доказаў. Бо яны страшныя. Я б паказаў, якой бруднай поскуддзю ў хвіліну выпрабаванняў выяўляюцца прадстаўнікі нашага грамадства, узнятыя па-над супольнасцю. З радасцю, аднак, я вітаў праявы душы і характару ў кожным чалавеку, незалежна ад таго, быў гэта злодзей ці фраер. І перасцерагаю ад жадання прыпісаць тое, што я пішу як польскі пісьменнік, выключна польскаму грамадству. Злодзеі, якіх апісваю, былі культурнай спадчынай усёй Еўропы — ейным прадуктам. Сярод іх былі людзі розных нацыянальнасцей. Зрэшты, у тыя часы, на якія прыпадае дзеянне гэтага рамана, Польшча яшчэ не вярнула сваю незалежнасць. Не існавала як дзяржава.

У звычайным жыцці Ясь быў худзенькі, чулы, далікатны. Ён рабіў уражанне (асабліва калі добра апранаўся) распешчанага сынка з заможнай буржуазнай сям'і. Можа, таму злодзеі і далі яму мянушку Паніч. Там, дзе ён заўважаў дабрыню, саліднасць, прыхільнасць, ён быў нашмат больш спагадлівы і мілы. Але як толькі сутыкаўся з брутальнасцю, подласцю, крывадушнасцю — замыкаўся ў сабе і чакаў нагоды выкінуць балесную штучку.

Працуючы са злодзеямі, Ясь заўжды стараўся ўзяць на сябе больш рызыкоўную ці цяжэйшую ролю. Пасля работы ён ніколі не задаваўся з нагоды свайго ўчынку і не згадваў яго «прынагодна». Пры падзеле здабычы ён быў бескарыслівы, але не пераносіў аніякага туману. Гэта прыніжала яго амбіцыі. Ясь краў, забаўляўся, жыў і піў са злодзеямі, як роўны ім узростам, досведам і культурай розуму і духу. Ён любіў іх як калег і дапамагаў, дзе было трэба, як братам.

Злодзеі адчувалі гэта тонкай інтуіцыяй звяроў на паляванні і цанілі. Паўсюль Яся віталі добразычліва. З ім ахвотна ішлі на работу. З ім з задавальненнем гулялі, раіліся па прафесійных пытаннях, у якіх ён не меў досведу, але намагаўся зразумець інтуіцыяй, а вырашыць смела і з выдумкай. На першы план ён ставіў не дакладныя разлікі шанцаў і стэрэатыпнасць выканання старога майстра, а раптоўнасць.