Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 71

Сергей Песецкий

Ясевы грошы расталі, хоць і не змарнаваліся. Дні ішлі, і Ясь зноў веславаў па свеце блатных… Ужо фірмовым злодзеем. У яго толькі не было вызначанай спецыяльнасці. Адны лічылі яго скокерам, другія — шніферам, трэція — фармазонам. А ён быў патроху гэтым усім. Так напраўду, ён плыў па хвалях жыцця і цікаўнымі вачыма разглядаў усё навокал. А свет і людзі вакол яго былі незвычайныя.

У зладзейскае жыццё яго цягнуў азарт. Баран, напрыклад, на работы цяпер не хадзіў. А Ясь усё туляўся па трушчобах і малінах, пры кожным зручным выпадку беручы ўдзел у розных зладзейскіх імпрэзах, і працаваў смела, упэўнена, зухавата і з фантазіяй.

Хай гэтыя словы не будуць апалогіяй зладзейства. Гэта не мая мэта. Тое, што існуюць людзі, якія вымушаныя красці ў іншых людзей, не найлепшым чынам характарызуе ўсё грамадства. Але ў гэтым пытанні я адчуваю абавязак казаць праўду, нягледзячы на тое, каму яна пашкодзіць — злачынцам (падкрэслю, што я пішу і кажу толькі пра прафесійных злачынцаў, блатных; іншых прадстаўнікоў гэтай сферы дзейнасці безадносна іх здзяйсненняў я лічу фраерамі), мне ці грамадству.

Прафесія злодзея асабліва цяжкая. Яна патрабуе ад сваіх адэптаў сапраўднай мужнасці, завостранага ўмення назіраць, хуткасці рашэнняў, вялікага прыроджанага розуму, фантазіі. Гэтых якасцей, якія ў нармальным жыцці ўласцівыя здольнаму кіраўніку, дэтэктыву, адміністратару вынаходніку і нават… пісьменніку (элементы фантазіі, талент назіральніка), ледзьве хопіць шараговаму прафесійнаму злодзею. Я ўпэўнены, што Чалавецтва губляе вельмі шмат, спіхваючы найбольш здольных, смелых і цікавых сваіх прадстаўнікоў на ўзбочча жыцця пад злачынны штандар. З-пад гэтага штандару амаль ніхто не вяртаецца. Тыя, хто там апынуўся, з цягам часу пачынаюць пагарджаць светам фраераў, а «шпагат» (інтэлігент) ім агідны як асоба баязлівая, слабахарактарная, з фальшывым сэрцам і фальшывым законам. Этыка шпагатаў ім не імпануе, бо чым спрытней шпагат ёй карыстаецца, тым больш яго шануюць іншыя шпагаты. У злодзеяў ёсць свая этыка… жалезная, яе нельга ані зламаць, ані сагнуць. І ёсць сваё слова гонару — слова злодзея, і яно непахіснае. Парушэнні сувора караюцца. Але яны — вялікая рэдкасць.

Каб пазбегнуць непаразумення, я дам азначэнне выразу «злодзей» так, як я яго разумею і як карыстаецца ім свет прафесіянальных злачынцаў, а не свет шпагатаў, крыміналістаў і фраераў наогул. Злодзей, тобок блатны, — гэта чалец саюза прафесійных злачынцаў, які сам лічыць сябе блатным і якога прызнаюць сваім іншыя блатныя. Злодзей, які кінуў сваю працу, але падтрымлівае кантакты і ў разе патрэбы і дапамагае былым калегам (як Стась Рамізнік), таксама блатны. Агент следчай паліцыі, які часам ведае работу лепш за злодзея, — «сабака» і… чужаніца… А я, нягледзячы на маё мінулае, якое магло б заімпанаваць многім прафесіяналам, і не зважаючы на маю нязломную пазіцыю вязня шматлікіх турмаў за чатырнаццаць гадоў адседак, цяпер — як пісьменнік — лічуся толькі… шпагатам. Можа, мяне і шануюць, і захапляюцца мной, але цяпер я чужы. Тут не дапамогуць ані сімпатыі, ані барацьба на іх баку… Яны змагаюцца за існаванне і слушна не даюць веры нікому — па-за колам сваіх правераных калег.