Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 70

Сергей Песецкий

Ясева маці, на імя якой ён набыў дамок, цалкам перарадзілася. Цяпер яна пазбавілася даўніх і такіх непрыемных матэрыяльных клопатаў. Стала гаспадыняй ва ўласным доме. Ясь купіў ёй карову. Яна завяла курэй і адкормлівала двух парсючкоў. Цэлымі днямі яна нястомна завіхалася дома і ў двары. І калі б не перажыванні за сына, які, яна так думала, заняты гандлёвымі аперацыямі, зусім не дбае пра сваё здароўе, усё наогул было б цудоўна.

А вось Ясева сястра, Гэля, была вельмі незадаволеная зменай месца пражывання. Яна прызвычаілася жыць у прахадным двары каля шумнай вуліцы. Гэля была ўжо зграбнай, прыгожай дзяўчынай, і жыццё захапляла яе. Яго падманлівы і мізэрны бляск. Ясь адчуваў сябе ейным апекуном. Некалькі разоў ён даваў ёй грошы на адзенне і абутак. А неяк сказаў:

— Калі табе штосьці спатрэбіцца, кажы мне. Але памятай, што калі спаскудзішся з нейкім смаркачом, то я і яму, і табе зубы павыбіваю.

Гэля крыўлялася ў адказ. Часам паказвала язык. Але брата супакоіла, аднойчы сказаўшы:

— Ты не думай, што я дурная такая! Я ведаю, чаго хлопцам трэба! Я сабе такога знайду, што мне пантофлікі цалаваць будзе. Каго выберу, за таго замуж і выйду.

А вось з рэстаранам у дзядзькі Жардоня было горш. Ясь уваліў у яго дзве трэція грошай, што атрымаў як долю з узятай скрынкі. А прыбытку не было ніякага. Дзядзька заняўся павелічэннем памяшкання і ўсе грошы ўбухваў туды. Неяк хлопец сказаў Жардоню:

— А дзядзька мяне хораша абуў. Мы павінны былі з гэтага залатыя горы мець, а тут і на хлеб не будзе.

— Дай крыху часу, — тлумачыў дзядзька. — Убачыш, які будзе даход. Табе гарыць? Грошы трэба? Скажы. Атрымаеш, колькі хочаш. Інтэрас твой, толькі я ім займаюся і жыву з гэтага. Не падабаецца табе — прадам. Яшчэ і прыбытак атрымаеш.

— Рабі, як хочаш.

І дзядзька рабіў дзівосы. Прывёз музыкальную машынку. Усталяваў лядоўню. Купіў новы буфет. Пашырыў кухню. І насамрэч рух у рэстаране ўздымаўся. Але ўсе даходы ішлі толькі на ўдасканальванне ўстановы.

Ясь і далей жыў на Захар’еўскай, у доме нумар 157. Ён заставаўся там з многіх прычын. Перш за ўсё адчуваў, што аднойчы «засыплецца», таму не хацеў падстаўляць сям’ю пад вобшук і следства. Акрамя таго, пачаўшы жыць самастойна, ён вызваліўся з-пад маўклівага кантролю маці. Яму не трэба было хапацца за розныя хітрыкі, каб схаваць сваю сапраўдную прафесію. І суседам тут быў ягоны настаўнік і супольнік — Баран.

Маці некалькі разоў намаўляла яго пераехаць да іх, але Ясь заўжды адмаўляўся, тлумачачы гэта тым, што мае супольны інтэрас з Жардонем. Што вядзе гандаль з тэхнікам, і таму Ясь павінен жыць поруч з імі, а кватэра яму нічога не каштуе, бо арэнда вяртаецца грашыма за шавецкую майстэрню.

Істотны ўплыў на рашэнне Яся мела і тая акалічнасць, што поруч жыла Маруся Лобава. З таго часу, як каханка абачліва адмовілася ад галоўнай ролі ў іх рамане, Ясь пачаў усё больш яе цаніць. Ён быў з ёю добры, ветлівы. Умеў своечасова і далікатна прыйсці на матэрыяльную дапамогу. Напрыклад, прапанаваў ёй рабіць дома сняданкі, абеды і вячэры. Такім чынам ён мог даваць грошы ганарлівай і самастойнай жанчыне. Зрэшты, Лобава насамрэч стала яму патрэбная. У параўнанні з яго выпадковымі каханкамі яна істотна выйгравала, бо была заўжды элегантная, дагледжаная і тэмпераментная.