Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 69

Сергей Песецкий

Увечары ён падышоў да будкі Мілага і пасунуў яе ўбок разам з сабакам, нажом выкапаў у зямлі ямку і паклаў туды старанна закаркаваную алюмініевую нямецкую біклагу, у якой былі манеты. Зямлю прытаптаў. Падмёў навокал і вярнуў будку на месца. Пагладзіў сабаку.

— Сцеражы, Мілы… Табе аднаму веру…

Паўлінцы Баран падарыў прыгожы залаты гадзіннік з бранзалеткай. Яна была ў захапленні і горача яму дзякавала, адначасова распытваючы:

— Работа была, Алічак?

— Не, я купіў.

Больш ён ёй нічога не сказаў. А грошы даваў не шкадуючы.

Толькі Ясь нідзе не мог прыткнуць грошы. Ён хаваў іх па розных кутах: на гарышчы, у прыбудовах. То лічыў, то збіраў разам, то дзяліў на часткі і хаваў у розных месцах. Накупіў сястры, маці і Марусі розных дарагіх рэчаў, але большай сумы нікому даць не мог, баючыся выклікаць здзіўленне.

Урэшце яму прыйшоў у галаву дзядзька Жардонь. Ясь пайшоў да яго. Той мыў у балеі бутэлькі. На продаж.

— Бачу, дзядзька, вы ў вялікі гандаль выбіліся, — пакпіў з яго Ясь, карыстаючыся стылем самога Жардоня. — А можа, вы, дзядзька, аптэку адкрываеце або рэстаран?

— Табе якая справа?

— Ніякай… Хачу да вас у супольнікі пайсці.

— То закасвай рукавы і шкрабі бутэлькі.

— Я рук мачыць не люблю. Гэта для баб і старых праца.

— Ты што, кпіць прыйшоў?.. Зараз я цябе па-кітайску бласлаўлю.

— Я параіцца прыйшоў. Вы мне, дзядзька, калісьці пра таго чалавека расказвалі, што пад Воршай жыве. Які сам і не д’ябал, але з д’яблам справы мае.

— Што ты вярзеш?

— Вы, дзядзька, не перапыняйце. І нібы той малойца ад д’ябла можа грошы мець, колькі заманецца яму.

— Ну?

— Дык вось я сам з д’яблам пазнаёміўся, і ён мне даў шмат грошай.

— Насміхаешся, смаркач!

— Вось, калі ласка!

Ясь пачаў даставаць з кішэні тоўстыя пачкі купюр. Дзядзька перастаў мыць бутэлькі і ўважліва назіраў за сваяком.

— І чаго табе трэба?

— Я хачу, каб вы нейкі інтэрас прыдумалі, каб грошы не марнаваліся. Мне трэба маму і Гэлю забяспечваць. Разважце, дзядзька. Я па інтарэсах не вялікі спецыяліст.

Пачалася сур’ёзная размова.

Праз тыдзень на Залатой Горцы, у Каменным завулку, дзядзька купіў на імя Ясевай маці невялікі дамок з садам. А на плошчы ля Коннага рынку паўстаў новы рэстаран. Уладальнікам і дырэктарам там быў Жардонь. Капыльскі Бусел цяпер набраўся важнасці і красаваўся за прылаўкам не першакласнага, але добра размешчанага і адразу ж паспяховага рэстаранчыка. Прыбытак вырашылі дзяліць напалам. Гэта задавальняла і Яся, і Жардоня.

— Праз год у цябе гэтая лаўка быццам задарма купленая будзе! — сказаў дзядзька хлопцу.

Такім чынам разышлася і знайшла прытулак каса Цэнтрхарчзабкама.

ЯСЬ ЗАСВЕЧВАЕЦЦА

Каменны завулак адрозніваецца ад іншых вуліц і завулкаў Менска тым, што там не знойдзеш аніводнага каменя. Калі бабам увосень патрэбна было чымсьці прыціснуць у бочцы агуркі ці капусту, яны ішлі далей, часам нават за горад.

Дом, які Ясь пасля нарады з дзядзькам купіў для маці, быў даволі прыгожы. Ён складаўся з трох пакоікаў і кухні. Будынак быў амаль новы. На падворку стаяла некалькі пабудоў і студня. Дамок быў размешчаны крыху далей ад вуліцы. Яго аддзяляў ад яе гародчык з кветкамі. Ззаду сад: з дзясятак маладых пладовых дрэваў. І з-за іх віднеў шэры мур могілак. У месяцовыя ночы нябожчыкі сядалі там і пра штосьці шэптам раіліся. Так казалі жыхары завулка.