Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 64

Сергей Песецкий

Ясь, як найменш прыкметны і перш за ўсё як ніколі не караны і наогул невядомы крымінальнай паліцыі, прынёс у валізцы інструменты для ўскрыцця сейфа. Валізка была цяжкая, але Ясь рабіў выгляд, што нясе яе лёгка. Амаль паўгадзіны Ясь чакаў добрай нагоды, каб незаўважна адамкнуць дзверы і праслізнуць у падвал. Гэта было вельмі важна. Урэшце Ясь выбраў абсалютна надзейны момант і паспешліва засунуў сплюснуты кручок у дзвярную шчыліну. Пацягнуў яго наверх, пакуль не ўпёрся ў заскачку замка, і тады паволі і моцна пацягнуў кручок на сябе. Заскачка пасунулася ўлева, і дзверы адамкнуліся. Ясь сунуў кручок у кішэню. Ён прыслухоўваўся. Па двары ніхто не ішоў. За дзвярыма аддзела рахункаводства таксама не было чуваць крокаў. Лесвічная пляцоўка быў пустая. Ясь хутка схапіў валізку і, адкрываючы дзверы, стаў на першую прыступку падвальных сходаў. І адразу ж зачыніў за сабою дзверы. Ён застаўся ў цемры. Тут было халодна. Ясь уключыў электрычны ліхтарык і скіраваўся, несучы валізку ў другой руцэ, уніз па сходах. Там ён знайшоў кучу пустых бочак, пра якія яму казаў Ажур, і схаваў у іх валізку з інструментамі. Пазней ён вярнуўся на лесвіцу і стаў ля дзвярэй. Ён дастаў з кішэні некалькі драўляных кліноў і адзін з іх дапасаваў да дзвярной шчыліны, поруч з замком. Цяпер дзверы нельга было адчыніць нават ключом звонку, а Ясь мог пасунуць заскачку проста пальцамі.

Паніч зірнуў на гадзіннік. Да дамоўленага прыходу супольнікаў было амаль паўгадзіны. З падвала хлопец мог назіраць за калідорам і часткай двара толькі праз замочную шчыліну. Гэта было нязручна, і бачнасць была вельмі абмежаваная. Пакуль быў вольны час, Ясь пачаў дэталёва вывучаць дзверы. Ля падлогі ён знайшоў месца, дзе не было адной касой ліштвы. Там праз шчыліну паміж знешнімі дошкамі магутных, цяжкіх дзвярэй лілося святло. Бачнасць і тут была абмежаваная. Спружынным ножыкам Ясь пачаў цішком пашыраць гэты зазор. Ён рабіў гэта асцярожна, дастаючы стрэмкі ўнутр. Праз некаторы час шчыліны стала хапаць для агляду ўсяго калідора і бачнай праз дзверы калідора часткі двара.

Цяпер Ясь мог, выгодна седзячы, добра бачыць усё звонку. Гадзіннікавая стрэлка набліжалася да прызначанага часу. І з дакладнасцю да хвіліны ў дзвярах, што вялі ў калідор, з’явіліся Баран і Ажур. Яны ўвайшлі ў сярэдзіну і сталі каля дзвярэй камітэта, якія былі поруч з уваходам у падвал. Ясь ведаў, што яны чакаюць адпаведнай хвіліны, каб пагрукаць загадзя вызначаным чынам і ўвайсці. Ён адвёў заскачку і чакаў. Калі пагрукалі, ён хутка адчыніў дзверы і, як толькі супольнікі ўвайшлі ў падвал, адразу ж зачыніў іх і ўсадзіў у шчыліну клін.

Пасярод аднаго з падвальных памяшканняў, у дакладна вызначаным месцы, пабудавалі рыштаванне. Трэба было зрабіць праход у магутным скляпенні. Падчас прыёмных гадзін наверсе працаваць было нельга. А пазней таксама трэба было глядзець, каб не нарабіць непатрэбнага шуму. Карыстацца разцом з малатком было нельга, хоць інструменты і былі абшытыя скурай, якая змякчала ўдары. Баран і Ажур працавалі сілай мышцаў. Яны свідравалі адтуліны паміж камянямі, пашыралі іх шаберам, і разцамі, і кароткім ломам, а пасля адколвалі камяні.