Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 66

Сергей Песецкий

Каб дабрацца да другой сценкі сейфа, трэба было выкінуць тоўсты слой пяску. Тады прыступілі да свідравання дзір ва ўнутранай сценцы. Дзейнічалі гэтаксама, як і з першай сценкай. І ўрэшце, пасля доўгай, цяжкай і нязручнай працы, адцягнулі — гэтым разам угару — другі «фартух» Сейф быў адкрыты.

Праца заняла шмат часу. Пакуль у вартоўні шумеў прымус, працавалі спешна. Пасля — асабліва тады, калі ў вартоўні было зусім ціха, — трэба было або перапыняць працу, або рабіць усё вельмі павольна.

Увесь гэты час Ясь сядзеў на сходах падвала і прыслухоўваўся або час ад часу вызіраў праз шчыліну ў калідор. Гадзіны цягнуліся доўга, манатонна. Цішыня звінела ўвушшу. Было чуваць, як цікае на руцэ гадзіннік. Зрэдку манатоннасць перарывалі крокі вартаўнікоў, паступова сціхаючы ў далечыні. За ўсю ноч цішыню ў калідоры парушылі толькі двойчы. Першы раз, калі хтосьці ўвайшоў і скіраваўся сходамі ўгору. Другі раз вартаўнік цяжка наваліўся на дзверы, грымнуў адным з навясных замкоў, сплюнуў і выйшаў.

«Паскачаце заўтра», — з задавальненнем думаў Ясь.

Пасля заканчэння працы Ажур дастаў з валізкі пакунак з ежай. Сабраў і склаў туды акуратна ўсе інструменты. Рэшту месца запоўніў пачкамі банкнотаў. Некалькі пачкаў, што не змясціліся ў валізку, расклалі па кішэнях. Баран і Ажур пільна агледзелі пакой, каб не засталося нічога з інструментаў ці рэчаў. Пасля Ажур вільготнай анучай старанна выцер сейф і ўсё, да чаго дакраналіся калегі ўначы і што заставалася тут. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на рэчы паліраваныя, лакіраваныя і металічныя.

Аперацыя была скончаная. За вокнамі віднела. Ажур і Баран праз лаз у падлозе спусціліся ў падвал. Рыштаванні яны пакінулі на месцы, а самі скіраваліся да выхаду. Ціхенька паклікалі Яся. Пасля, за лесвічным паваротам, разгарнулі пакунак з ежай і пры святле ліхтарыка (праца была зроблена, таму святла не ашчаджалі) распілі пляшку гарэлкі і з’елі прынесеныя прысмакі. Наколькі гэта было магчыма, прывялі ў парадак адзенне.

Пасля дасталі з валізкі і кішэняў грошы, расклалі іх на перакуленай дагары дном скрыні. З гэтай вялікай кучы былі адабраныя пачкі з найбуйнейшымі купюрамі, і Ажур з Баранам схавалі іх па кішэнях і пад адзеннем. Рэшту паклалі ў валізку, да інструментаў. Ажур і Баран, як ужо вядомыя паліцыі злачынцы, намерваліся выйсці з двара і прайсці вуліцамі паасобку і з пустымі рукамі, каб не прыцягваць нічыёй увагі. А вось Ясю выпала місія вынесці валізку з падвала. Гэта было рызыкоўна, бо патруль у браме мог затрымаць яго, хоць назіранне і выявіла, што ўдзень патрульныя не затрымлівалі цывільных, бо некалькі сем’яў супрацоўнікаў Цэнтрхарчзабкама жылі на верхніх паверхах будынка.

Крыху пасля восьмай з падвала выпусцілі Ажура. Ён выйшаў з калідора, ціха насвістваючы полечку, і знік у двары. Праз пятнаццаць хвілін выйшаў Баран. Перад сыходам ён паціснуў Ясю руку і сказаў крыху іншым, чым заўжды, голасам, бо яўна баяўся за хлопца.

— Ты глядзі, спакойна… Калі што, валізкі адкрыць не можаш, бо не твая.