Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 62

Сергей Песецкий

Ажур адразу ж адправіў усё ў Менск з адным старым калегам па цэху, што акурат кіраваўся туды легальна. Той калега ўжо даўно не краў, бо добра ўладкаваўся дзякуючы шлюбу з заможнай жанчынай. Аднак для фірмовых злодзеяў ён усё яшчэ заставаўся «сваім хлопцам» і, калі трэба было, бескарысліва ім дапамагаў. Не адвярнула яго ад старых калег і тое, што некалі яго абакралі. Клавішнікі не ведалі, што «зрабілі» колішняга фартовага. Гэта выявілася толькі праз некалькі гадоў. Хлопцы хацелі кампенсаваць яму страты, але ён адмовіўся. Толькі выпілі разам.

Ажур рыхтаваўся да большай работы. Падрыхтоўка ішла ў яго ўмела, у яе ён укладаў увесь досвед, набыты цягам трыццаці гадоў працы прафесійнага злодзея, і ўвесь свой прыродны розум… Блукаючы цягам двух месяцаў па Менску, бязгучна насвістваючы полечку і прасвечваючы людзей і дамы сваімі цудоўнымі вачыма, ён бачыў недаступныя зроку «звычайнага» гараджаніна дзіўныя дэталі горада і жыцця. Збіраючы разам дробныя факты, робячы высновы на падставе неістотных драбніц, з навуковай дакладнасцю і дэталёвасцю ён ставіў зладзейскія дыягназы. Ён рабіў «фантастычныя» заключэнні, якія пасля праверкі выяўляліся слушнымі.

У адным з будынкаў на Губернатарскай вуліцы размяшчаўся Цэнтрхарчзабкам Менскай акругі. Там былі таксама вялізныя таварныя склады, аддзел рахункаводства і… акурат тое, што цікавіла Ажура, — каса. У гадзіны прыёму там было поўна людзей: чыноўнікаў і наведнікаў. Пасля заканчэння працоўнага дня ўсе склады і сейфы пільнавала ўзброеная ахова.

У зале, дзе знаходзіўся незгаральны сейф, былі вялікія вокны з кратамі. Туды вяло двое дзвярэй. Адны — звычайна пасля прыёмнага часу — замыкаліся на засаўку, магутныя навясныя замкі і на замкі ўнутраныя. Звонку і знутры гэтыя дзверы былі абабітыя лістамі двухміліметровай бляхі, трывала замацаванай заклёпкамі. Другія дзверы — унутраныя — былі наглуха забітыя, і за імі знаходзілася вайсковая варта. Склады ахоўвалі пазменна чатыры нямецкія жаўнеры, якія змяняліся кожныя дзве гадзіны. Адзін стаяў у браме будынка, трое пільнавалі два ўнутраныя двары і касу знутры. Такім чынам каса была пад аховай з боку ўнутранага двара, куды выходзілі тры акны, з калідора і з боку суседняй залы — вартоўні.

Ужо пасля кароткага ўступнага агляду Ажур вырашыў: «Браць буду з падвала». І пачаў падрабязна вывучаць і аглядаць дэталі. Неўзабаве і гэты этап быў завершаны. А крыху пазней у «Новарасійскім» гатэлі Ажур сядзеў за сталом і на аркушы паперы алоўкам рабіў накід унутранага двара, будынка, залы, падвалаў і касы Цэнтрхарчзабкама. Дзверы былі замкнёныя на ключы. У паветры лунала ціхая мелодыя полечкі. А з іншага боку стала Баран уважліва сачыў за абрысамі, што з’яўляліся на паперы. Полечка і працэс малявання падышлі да канца. Дзве галавы схіліліся над сталом. Канец алоўка закружыў па малюнку. Ажур ціха тлумачыў гэты танец. Баран час ад часу прытакваў рухам галавы, маўляў, разумею, або ціха задаваў пытанні.