Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 65

Сергей Песецкий

Тым часам Ясь сядзеў на сходах, назіраў — пакуль гэта было магчыма, — а пасля прыслухоўваўся. У руцэ ён трымаў канец вяроўкі, з дапамогай якой пры неабходнасці ён падаваў калегам сігнал спыніць працу. Да іншага канца вяроўкі была прывязаная бутэлька. Яе кінулі ў бочку поруч з рыштаваннем. Калі Ясь торгаў за вяроўку, бутэлька грукацела ў бочцы і супольнікі спынялі працу. Як толькі Ясь зноў даваў сігнал, Ажур і Баран браліся за інструменты.

Каля адзінаццатай вечара ў скляпенні быў зроблены вялікі праём, праз які было відаць ймаснічыны знізу. Тады Ажур з Баранам пазменна пачалі свідраваць адтуліны ў дошках. Яны рабілі гэта паволі, моцна прыціскаючы ручку. Тады шуму было менш. Пасля трэба было злучыць прасвідраваныя дзіркі прарэзамі. І гэта рабілі паволі — пілкай для жалеза, а не для дрэва.

Урэшце ў падлозе зрабілі праём, дастатковы для таго, каб туды пралез чалавек. Рыштаванні павысілі, і Ажур першым праз пару хвілін назірання вылез наверх. Праём у падлозе знаходзіўся на некалькі крокаў правей ад сейфа. З апошняга — трэцяга — акна яго можна было заўважыць. Таму Ажур крыху пасунуў адзін са сталоў, каб закрыць агляд залы з акна. Што праўда, было амаль цёмна, бо толькі праз вокны з боку двара падалі рассеяныя палоскі святла. Але камусьці з вартаўнікоў магло прыйсці ў галаву пасвяціць унутр ліхтарыкам.

Баран і Ажур у адных шкарпэтках, быццам цені, перамяшчаліся ўнутры. Сейф стаяў ля знешняй сцяны, у нябачным з акна месцы. Гэта было ім на руку. Ажур вырашыў браць сейф збоку. Хутчэй і прасцей было б ззаду. Але гэта было вельмі цяжка — амаль немагчыма ў гэтых умовах — адсунуць сейф ад сцяны.

З-за тонкіх дзвярэй вартоўні даносіліся галасы нямецкіх салдат. Гэта спрыяла іх працы. А калі ахова запаліла прымус, каб згатаваць ежу, сітуацыя стала найбольш адпаведнай, і медзвяжатнік разам з узломшчыкам маглі браць «скрынку» спакойна.

Ажур вызначыў на сценцы сейфа лініі «фартуха», і абодва пачалі спехам свідраваць адтуліны ўздоўж гэтага контуру. Баран быў вялікай фізічнай сілы ў руках, а Ажур меў багаты досвед у такіх справах, таму праца ішла спраўна. Калі свідраванне дзвярэй на сценцы сейфа было скончана, іх пачалі праразаць уніз і ўверх. Падрыхтавалі ўсё да непасрэднага роду дзейнасці медзвяжатніка — ускрывання. З камплекту «ракаў» Ажур выбраў найбольш адпаведны, змантаваў з некалькіх кароткіх сталёвых труб клямар для рук так, каб рычаг у «рака» быў магутны. Формай гэты інструмент нагадваў нож для адкрыцця кансерваў.

Кіпцюр «рака» паволі ўздымаўся ўгару, разразаючы і раздзіраючы тоўсты панцыр сейфа. Урэшце, разрэз быў зроблены. Тады «фартух» адцягнулі ўніз. Формай ён быў падобны да высалапленага языка.