Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 61
Сергей Песецкий
— Так.
— І я паляк… З Варшавы… Бацькі ў вас ёсць?
— Так, яны памерлі ў Маскве… Тыф і турма…
Ажур насупіўся і доўга маўчаў.
— У Польшчы ў мяне ўжо нікога няма, — дадала дзяўчына.
Праз нейкі момант Ажур быццам апамятаўся ад задумення, падняўся і развітаўся з Запольскай.
— Я з’язджаю на тыдзень.
— Як займацца крамай?
— Так, як вы палічыце патрэбным.
Мінуў тыдзень. Ажур не вяртаўся. Запольская, карыстаючыся свабодай у справах продажу, разам з цацкамі пачала прадаваць таксама канцылярскія тавары. Праз дзесяць дзён Запольская занепакоілася, што яе карміцель не вяртаецца. Калі Ажур быў на месцы, то яго дзіўныя візіты непакоілі і крыху раздражнялі яе. Чаму ён так дзіўна пазірае? Чаму не кіруе ейнай працай? Такое стаўленне было ёй незразумелае. Цяпер ёй не ставала яго халодных, дзіўных вачэй і заўсёднага маўклівага адабрэння. Марыся лавіла сябе на тым, што, калі яе галава была вольная ад штодзённага клопату, думкі самі кіраваліся да Ажура. Праз пятнаццаць дзён у краму прыйшоў нейкі ягамосць ва ўзросце і спытаў Запольскую:
— Гэта крама пана Эдварда?
— Так.
Гэты ягамосць уручыў ёй канвэрт і паклаў на прылавак досыць доўгую, цяжкую і старанна загорнутую пасылку.
— Калі ласка, надзейна схавайце гэта. Тут дарагія тэхнічныя прылады.
— Добра.
Запольская разарвала тоўсты канверт. У ім было пяць тысяч ост-рублёў на закупку тавараў і паведамленне ад працадаўцы, што ён вернецца праз два тыдні. Дзяўчына супакоілася і з імпэтам пачала планаваць далейшыя паляпшэнні ў краме.
Тым часам Ажур дабраўся да Вільні і ў гэтай адвечнай калысцы зладзейскага свету ўсходніх крэсаў Польшчы, вырашаў свае справы. Перш за ўсё яму быў патрэбны камплект інструментаў для адкрывання, або, калі вызначаць гэтае дзеянне яшчэ дакладней, для свідравання і рэзкі сейфаў. Цяжкасцей з гэтым было шмат. Складана было знайсці добрую сталь, свердлы… Урэшце, некаторыя інструменты ён зрабіў сам у блатнога ўладальніка механічнай майстэрні, а рэшту трэба было прывезці з Варшавы. І акурат надарылася добрая аказія. Адзін блатны з каханкай — як муж і жонка — везлі ў Варшаву некалькі тысяч ліпавых даляраў. Гэта былі фальшывыя дваццацідаляравыя купюры, якія фальшывадрукарскае кіраўніцтва прадавала па цане ад 3 да 8 сапраўдных даляраў. Цана залежала ад асобы пакупніка, колькасці набытых «ліп» і часу. Спачатку даражэйшыя, пасля таннейшыя. Па вёсках Віленшчыны і Царства Польскага разышлося многа тысяч такіх ліп, і сяляне зберагалі іх часта ў вельмі істотных сумах, не ведаючы, што збіраюць звычайныя шматкі паперы. Гарады хутка зарыентаваліся ў гэтай справе, а вёска была верным кліентам фальшываманетчыкаў цягам доўгіх гадоў. Можа падавацца дзіўным, што Вільня забяспечвала Варшаву фальшывымі банкнотамі, але на той час гэта была лакальная спецыяльнасць горада. Зрэшты, у працэсе бралі ўдзел і варшавяне… Той блатны павінен быў завезці «ліпу» ў Варшаву і вярнуцца. Менавіта яму Ажур і даручыў прывезці ад знаёмых блатных тэхнікаў адсутныя ў Вільні інструменты.
Хлопцы з Варшавы хутка і грунтоўна ўзяліся за Ажураву справу. У блатных не марудзяць, не цягнуць і не грэбуюць, калі вядзецца пра справу калегі, нават тады, калі ад гэтага не чакаюць прыбытку для сябе. Для іх гэта ані дабрачыннасць, ані заслуга, а абсалютна просты і безумоўны абавязак узаемадапамогі.