Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 59

Сергей Песецкий

Выйшаў і зноў не мог нідзе знайсці працы. Галадаў, бедаваў і, урэшце, праз год галечы і тулянняў, у трэці раз трапіў у турму. Гэтым разам заслужана. Скарыстаўся сваімі слесарскім ведамі і здзейсніў крадзеж.

Вызваліўшыся ў трэці раз, сумленна жыць і працаваць Ажур ужо не спрабаваў. Ведаў, што грамадству і паліцыі зручней бачыць у ім злодзея, чым працаўніка. Ён пагадзіўся з гэтым і, карыстаючыся сваімі практычнымі ведамі і трыма турэмнымі школамі, стаў прафесійным злодзеем.

Цяпер Ажуру было каля 50 гадоў. Ён дасканала ўмеў змяняць знешнасць і пашпарты. А найцяжэйшыя работы планаваў і выконваў так упэўнена і ўмела, што быў няўлоўны. Ажурам яго назвалі прыяцелі за тое, што ён прыгаворваў: «Для мяне ўвесь свет ажурны, — як дамская панчоха… І людзі, і дамы, і сейфы, і тайнікі… Я гляджу не паўзверх, а ў сярэдзіну». І напраўду, так ён і глядзеў.

Ажур хоць і быў вельмі негаваркі, але любіў свістаць. Гэтаму ён навучыўся ў турме, дзе ў адзіночнай камеры адбываў свой першы тэрмін. Правілы забаранялі вязням спяваць, крычаць, шумець, нават гучна гаварыць, але пра свіст нічога не было сказана. Каб не ўваходзіць у канфлікт з уладамі, Ажур свістаў ціхенька і неўзабаве так налаўчыўся, што лёгка выконваў самыя складаныя мелодыі.

Калі часам ён пераймаў салаўя, то ніхто б не паверыў, што гэта свішча чалавек… Плывучы па бурлівых хвалях жыцця, за трыццаць гадоў Ажур адсвістаў шмат тэрмінаў. Так ён навучыўся свістаць і на пазбаўленае сэнсу жыццё, і на людзей, што жылі, як зграі сквапных, жорсткіх, баязлівых, подлых, агідных, хлуслівых шакалаў.

Па прыездзе ў Менск Ажур адразу ж знайшоў колькі знаёмых: блатных з турмаў і розных гарадоў колішняй Расеі. Але з імі ён толькі падтрымліваў кантакт. Гарэлкі з імі не піў, не ўдзельнічаў у іх забавах, не хадзіў па зладзейскіх прытонах. А пасяліўся не на маліне, а ў ціхім і прытульным гатэльчыку «Новарасійск» побач з цэнтрам горада. Запісаўся купцом і напраўду заснаваў краму на Петрапаўлаўскай вуліцы побач з кінатэатрам «Люкс». Гэта была цацачная крама. Па аб’яве ў газеце Ажур знайшоў прадавачку. На пасаду прадавачкі цацак да яго звярнулася больш за дзясятак жанчын. Некаторыя мелі значныя фізічныя перавагі — прыгожыя, элегантныя, маладыя. Але Ажур пасля кароткага прасвечвання кожнай сваім «рэнтгенам» выносіў рашэнне: «Не падыходзіць», а ў выніку выбраў немаладую ўжо, хударлявую, ледзь не брыдкую і досыць негаваркую дзяўчыну. Ён здаў ёй краму і тавар, патлумачыў, як весці адзіную «прыходна-расходную» кнігу, а сам толькі час ад часу зазіраў па справах. Нягледзячы на гэта, ужо праз месяц крама заквітнела. Прадавачка зрабіла вельмі густоўную вітрыну. Прыгожа абставіла інтэр’ер, сама замаўляла ў крэдыт і брала на камісію цацкі, і крама замест дэфіцыту, на які разлічваў Ажур, пачала прыносіць прыбытак. Праз два месяцы Ажур, які ўсё яшчэ мала цікавіўся існаваннем крамы, зарыентаваўся, што тавару ў ёй у пяць разоў больш, чым напачатку, нягледзячы на тое, што, апроч першых выдаткаў на абсталяванне і закупку, ён не даў ані капейкі. Час ад часу ён зазіраў у краму, праглядаў кнігі і ўжо крыху лагаднейшым позіркам — у ім цяпер было больш агню і менш сталі — прасвечваў сваю прадавачку. Дзяўчына, звычайна спакойная і сабраная, пачала баяцца гэтага погляду. Яна не магла зразумець: чаму? Позірк гэтага дзіўнага мужчыны вельмі раздражняў яе. Яна адчувала, што з яе здымаюць не адзенне, а ўсё цела. Гэты позірк быў быццам адваротна ўсталяваны перыскоп падводнай лодкі, ён ішоў звонку ў сярэдзіну карабля — у ейную душу — і ўладна, халодна назіраў за механізмам, што кіруе рухамі і памкненнямі ейнага цела. Праз некаторы час дзяўчына — смелая і ўпэўненая ў сабе — пачала чырванець, калі Ажур размаўляў з ёю. «Лепш бы ён свістаў», — думалася ёй, і гэта спачатку здзіўляла і злавала. Зрэшты, іхныя рэдкія размовы былі такія дзіўныя для яе, што часам яна гублялася, не ў стане знайсці адказу. Напрыклад, размова на першай сустрэчы, калі дзяўчына прыйшла да яго ў гатэль у пазначаны ў газеце час, выглядала так: