Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 47

Сергей Песецкий

Пра бяседу ў Касі Залатой Трубы даведалася ўся Камароўка. Гэта нібы і мусіла быць таямніца, але дзе ж такую таямніцу ўтрымаеш, калі яна сама наверх лезе. Тут пазычылі посуд, там крэслы, дзесьці яшчэ кветкі. І пайшла па свеце пагалоска.

На выпадак, калі госці захочуць танчыць, запрасілі Петрака Парадка, вядомага на Камароўцы скрыпача. Яго называлі «Парадкам», бо ён любіў густа перасыпаць сваю гаворку гэтым выразам. Парадак звычайна адпальваў вячоркі і танцы разам са сваім дружбаком Янкам Папугаем. Папугай атрымаў сваё імя, бо любіў яркія строі. Такім чынам пытанне аркестра палічылі вырашаным.

Вечар таго дня быў пагодны, як па замове. Нават поўню перапаўняла цікаўнасць да таго, што адбываецца на зямлі. На дварэ можна было чытаць кнігу.

Дзве Кацярыны скончылі падрыхтоўку да прыходу гасцей і, святочна апранутыя, папраўлялі мастацкія недапрацоўкі і даводзілі да ладу дэталі. Прыём быў датклівым пункцікам іх пачуцця гонару. Бо гасцей запрасілі не абы-якіх — збольшага ўсе фірмовыя злодзеі.

Было крыху клопату з запрашэннем жанчын. На дзесяць з гакам мужчын — калі не лічыць абедзвюх Кацярын (яны усё ж такі гаспадыні) — была б адна Тоська Сарока. Замест таварыскай забавы — мужчынскі сойм або вайсковая рада, як акрэсліла сітуацыю дасведчаная ў таварыскіх пытаннях Кацярына Сперда. Таму запрасілі Ядзю Рудую, якая, хоць і была зусім маладзенькая, але ў «паходах на шоп» ужо паказала вялікія здольнасці, і яе лічылі добрай фактурай для фірмовай шапенфельдэркі. Далей — маючы на ўвазе прыгажосць (што праўда, гэта не зусім падабалася Касі Залатой Трубе) — Анку і Янку Афрыканак: мянушку яны атрымалі за смуглявую скуру і чорныя валасы. Акрамя таго, запрасілі Лёлю Ландыш, якая ў кожную сяброўскую размову ўмела ўплесці (з выключна высокімі эстэтычнымі памкненнямі) сваё захапленне ландышамі. Пецька Бык, аднак, запратэставаў:

— Баб замала, — асцярожна заўважыў ён.

— На патанчыць хопіць, — адмахнулася Кася Залатая Труба.

— Не надта хопіць, — уздыхнуў Бык.

— На спаць замала, а на вячоркі-то і замнога, — безапеляцыйна адрэзала Кацярына Сперда.

І Бык капітуляваў.

Першым з’явіўся дружбак і пратэжэ Пецькі Быка на гэтым прыёме, звычайны камароўскі паточнік Фіська. Кася Залатая Труба не любіла яго за адсутнасць зладзейскага аўтарытэту і нядбаласць у адзенні. Пару разоў яна ўжо пасварылася з каханкам, абгаворваючы ягонага таварыша.

І цяпер Фіська прыйшоў у неахайным строі, брудных ботах, ускудлачаны, непаголены і да таго ж п’яны. Пецька Бык сардэчна яго прывітаў. А вось Кася дэманстратыўна адвярнулася да яго спінай і праз акно пазірала на вуліцу. Фіську гэта не збянтэжыла, і ён, маючы на ўвазе яе позіркі ў акно, заспяваў:

Гляну я ў аконца, пагляджу я ў фортку Крочаць злодзеі ў расклёшаных портках… Гальштукі модныя, выпрасаваныя, Боцікі новыя, лакіраваныя… Гэй, дыгу-дыгу! Гэй, дана-дана! Боцікі новыя, лакіраваныя…

— Ты б свае старыя, прынамсі, наваксаваў, — пагардліва, але крыху лагодней адгукнулася Кася, якая вельмі любіла спевы і музыку і магла расчуліцца ад зладзейскіх песень.