Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 45
Сергей Песецкий
— Так-так… Мае ногі дакладна прыгажэйшыя за вашыя, ды і іншыя дадаткі таксама… Вартыя трох тысячаў…
— Гаўнюк!
— Ах, як вы прыгожа выслаўляецеся… Я б таксама мог сказаць вам штосьці непрыемнае, але не хачу… Вы ж не настолькі п’яная, каб не зразумець, наколькі ўсё гэта агідна.
— Ты мяне не вучы!.. Разумееш?.. Я раблю, што мне падабаецца.
— Не надта… Вас можна купіць за дзве тысячы… А мяне вы не купіце зусім…
— Дурны фраер!
— Што?!
Ясь здзіўлена глядзеў на яе. Гэты выраз з ейных вуснаў падаўся яму вельмі камічным. Ён пачуваўся фірмовым злодзеем, блатным, а тут сапраўдная фраерка раптам узнагародзіла яго такім тытулам. Знянацку Ясь пачаў так шчыра і весела смяяцца, як смяяўся рэдка калі. Цяпер здзіўленая акцёрка глядзела на гэты нечаканы выбух смеху. А Ясь падышоў да ложка, сеў на край і, адсмяяўшыся, паволі і ціха, сказаў:
— Ты, я бачу, з нашай хеўры спрытнюга і па-блатному клёва ўмееш спяваць. А памятаеш, як да цябе ў спальню месяц таму блатны хлопец зазірнуў. Як ты зенкі расплюшчыла, а пасля такога мойра падчапіла, што, быццам тое заліўное, трэслася. Памятаеш, як табе махнулі «дамавінку» і «скуру». Усё вярнулі поштай, толькі адну фотку на памяць пакінулі. Я ўсе лісты розных шпагатаў да «каханай, незабыўнай, найчароўнейшай багіні» прачытаў. Такі з мяне фраер. А ты, спрытнюга, за дзве тысячы з панічам з-пад Барысава вымушаная распуснічаць.
Акцёрка нацягнула на лоб коўдру і ў жаху глядзела на Яся.
— Гэта былі вы?!
— Гэта ніяк са справай не звязана… Рэч у іншым. Я вас лічыў добрай, мілай жанчынай. Пакахаў вас, бо лічыў, што вы вартыя кахання. А цяпер бачу, што вы не больш за «агітку» вартая… Хіба толькі даражэйшая. Толькі гэта…
— Прашу вас… Я вам зараз аддам тыя дзве тысячы.
— Не трэба… Гэта вам за страчаны час і навуку для мяне… Яно таксама чагосьці вартае.
Ясь устаў і выйшаў з пакоя. На вуліцы марознае паветра прыемна халадзіла ягоны распалены твар. Задуменны, ён ішоў вуліцамі і нёс у сэрцы тугу па страчаных ілюзіях. Гэта было яго першае, дурное, шумлівае каханне.
Маруся Лобава здзівілася, калі пасярод ночы ён пагрукаў ёй у акно. Яна пусціла яго ў кватэру.
— Што здарылася? — спытала яна з трывогай.
— Нічога кепскага… Вяртаўся позна і захацелася да цябе зайсці.
— Цудоўна. Можа, хочаш есці?
— Не… Мы пілі… Я пасля вячэры…
Неўзабаве Ясь быў у Марусіным ложку. Жанчына ціха ляжала поруч з ім. Ён адчуваў, што яна шчаслівая ад ягонай прысутнасці. Яму стала шкада, што ён прысвячаў ёй мала ўвагі. У пэўны момант ён моцна пацалаваў яе ў вусны і шчыра сказаў:
— Ведаеш, Маруся, ты вельмі мілая… Вельмі…
Жанчына адказала яму моцнымі абдымкамі.
ВЕЧАРЫНКА З КВЕТКАМІ
Злодзеі на Камароўцы былі арыстакратыяй. Але вуліца была тэрыторыяй хуліганаў. Паміж злодзеямі і хуліганамі існавалі даўнія антаганізмы. Наогул, хуліганы пабойваліся злодзеяў, хоць тыя і трымаліся сціпла і было іх няшмат. Добры злодзей заўжды пагарджае хуліганам, альфонсам і старызнікам. Не ўступае з імі ў кантакт і адорвае пагардлівай назвай «шпана». Хуліганнё для фірмовых злачынцаў — элемент агідны і небяспечны. Хуліганы часта служаць паліцэйскімі інфарматарамі, псуюць рэпутацыю раёна дурнымі нападамі на мінакоў і дзікімі скандаламі на вуліцах. У сваю чаргу, самі хуліганы ненавідзяць злодзеяў за іх сур’ёзнасць, майстэрства ў працы, добрыя строі, за тое, што, паходзячы з іншага раёна, а часам і горада, яны знаходзяцца ў іх раёне на асабліва прывілеяваных правах. Дзяўчаты, напрыклад, лічаць за лепшае мець каханка злодзея, а не хулігана. Злодзеі жывуць на найлепшых малінах і карыстаюцца там пашанай. А вось хулігана нават у сваёй сям’і толькі церпяць, бо прыбытку ад яго ніякага, а клопату шмат.