Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 46
Сергей Песецкий
Хуліганаў за пляшку гарэлкі можна наняць, каб кагосьці правучыць ці нават прыбраць з гэтага свету нажом або каменем. Злодзей на такія рэчы не пойдзе. Галоўныя рысы злодзея — спрыт і смеласць, а хуліган адзначаецца толькі нахабнасцю і дурасцю.
Кася Залатая Труба вырашыла запрасіць на свае народзіны гасцей. Пецька Бык ахвотна на гэта пагадзіўся, бо вымалёўвалася дасканалая нагода для сур’ёзнай папойкі. Пачалі раіцца, каго запрасіць. Пры гэтым не абышлося без значных сварак і нават бойкі. Урэшце сышліся на тым, што госці будуць трох катэгорый: першая — госці Касі Залатой Трубы, другая — госці Пецькі Быка і трэцяя — супольныя. Кася, як даліншчыца, вырашыла запрасіць майстроў і найбліжэйшых калег па сваёй кішэннай спецыяльнасці: Тоську Сароку, Кулямёта, Чэсіка Свабоду, Паніча (Яся). Пецька Бык лічыў абавязковым запрасіць Моркаўку і Фіську. Супольнымі гасцямі былі тузы зладзейскага свету: Жаба, Янка Залаты Зуб, Мангол, Філіп Лысы, Казік Марэцкі. Акрамя гэтага, запрасілі некалькі суседскіх дзяўчат.
Кіраваць арганізацыяй вечару ўзялася Кацярына Сперда. Менавіта ў яе кватэры, як у найбольш прасторнай, павінен быў адбыцца прыём. Кася і Пецька Бык не паскупіліся на грошы. Залатой Трубе апошнім часам шанцавала, таму форсы было дастаткова. Пяклі, смажылі, гатавалі. Пецька Бык прынёс некалькі кашоў піва і набыў многа гарэлкі. Усё было прадумана да найдрабнейшых дэталей.
Дзве Кацярыны з раніцы запрэглі Пецьку Быка насіць ваду і шараваць падлогу. Таму фармазон, паступіўшыся сваёй далікатнай спецыяльнасцю, падкасаў штаны і басанож узяўся за працу. Ахвотна шлёпаў па мокрых маснічынах і, з імпэтам шаруючы іх, спяваў:
Кася штохвілінна зазірала і кантралявала яго працу. Як заўжды, яна не шкадавала пры гэтым зласлівых заўваг. Звычайна Пецька Бык нядоўга б трываў. Яны адразу ж учапіліся б адно аднаму ў кудлы. Але сёння ён быў у аксамітным гуморы (толькі падумайце: столькі гарэлкі) і нішто не магло вывесці яго з раўнавагі. На зачэпкі Касі ён наогул не адказваў. Рабіў сваё далей, спяваючы: