Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 44
Сергей Песецкий
— Ці лёгка яна пагадзілася? — спытаў Ясь.
— Калі ёсць дынаміт, — акцёр пацёр указальным пальцам аб вялікі, — то любую цноту можна разбурыць. Толькі трэба ўмець за справу ўзяцца. Што праўда, ідыёту то і дынаміт не дапаможа… А вы, мой каралевіч, я бачу, у такіх справах недасведчаны… Не… Гэтаму мастацтву час і жыццё навучаць…
Увечары Ясь застаўся ў кватэры, а Сэмп-Сыркоўскі брычкай паехаў у тэатр. Але папярэдне ён узяў у Яся яшчэ тысячу рублёў. Праз гадзіну ён вярнуўся разам з акцёркай, якая была ўбраная на дзіва (для Яся) сціпла. Хлопец прызвычаіўся бачыць яе ў бліскучых строях, з дэкальтэ, у трыко ці паўаголенай. Цяпер ён амаль не пазнаваў яе і быў збіты з панталыку.
Сэмп-Сыркоўскі быў вельмі вясёлы. Адразу запрасіў гасцей за стол і як найхутчэй напоўніў кілішкі.
— Здароўе Клеапатры! — урачыста абвясціў ён, строячы камічную міну.
Ён часта наліваў, еў, піў, прамаўляў гумарыстычныя, а часам і дурнаватыя тосты. Яся ён называў каралевічам, а пасля Антоніем. Пасля мноства кілішкаў у Ясевай галаве зашумела, але весела яму не было. Яму быў прыкры інтэрас, зладжаны для яго акцёрам. Жанчына таксама напілася. Гучна смяялася, пачала спяваць урыўкі арый з аперэт.
Было ўжо позна, і акцёр, абсалютна п’яны, бо піў часта і без тостаў, развітаўся з Ясем.
— Прыемных сноў жадаю… І глядзі не асаромся, бо гэта жанчына-вулкан… Не дагодзіш ёй, морду разаб’ю!
Ясь застаўся сам-насам з акцёркай. Жанчына была п’яная. Як толькі Сыркоўскі выйшаў, яна сказала Ясю:
— Спаць хачу… Дзе ложак?.. Гэй ты, смаркач… Я пытаюся… Аднясі мяне… Атрымаеш на гарэлку…
Ясь аднёс яе ў суседні пакой і падрыхтаваў ложак.
— Распрані і хутка, бо паганю ў карак… Зразумеў?
Хлопец паслухмяна, але не надта зграбна распрануў яе. Акцёрка пачала ікаць. Яна ляжала голая на ложку, пазірала на Яся і штохвілінна выцягвала да яго ўказальны палец.
— Бачыў, свіння, такую жанчыну?.. Га?.. Бачыш, якія ногі!… Кожная па тысячы… У, дзе там… Кожная па сто тысяч… Колькі ты яму даў?
— Каму? — не зразумеў Ясь.
— Ну, гэтаму Сыркоўскаму… каб са мной спаць…
— Дзве тысячы…
— Я думала, Сырок мяне ашукаў… А што такое дзве тысячы… На добры пярсцёнак не хопіць… І раскладвайся тут за дзве тысячы перад такім блазёнкам…
Ясь быў цверазейшы за яе, а цяпер адчуў сябе зусім прытомным. Яму было сорамна, шчокі заліліся чырванню…
— Не трэба мяне зневажаць. Я зусім не збіраўся з вамі спаць. Гэта быў план Сыркоўскага. Я хацеў даць вам зарабіць.
— Ой, які святы!.. А сапраўды, каналья!.. Разумееш, дурыла такі!.. Усё тваё майно не вартае вось гэтага майго пальца. За дзве тысячы… Падла!..
Ясь узяў з крэсла шапку.
— Да пабачэння і перапрашаю, калі няхоцькі пакрыўдзіў…
Ён пайшоў да дзвярэй. Акцёрка падарвалася з месца.
— Чакай!
— Чаго жадаеце?
— Хадзі сюды! Распранайся і кладзіся ў ложак! Сёння мне патрэбны мужчына!
— Калі вы маеце для мяне тры тысячы, то з задавальненнем…
— Што?!