Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 43

Сергей Песецкий

Неяк увечары, калі Ясь выходзіў з тэатра пасля адведзінаў у актрысавай грымёрцы, на вуліцы яго ўзяў пад руку адзін стары акцёр, у аперэтачнай трупе яго ледзь трывалі. Ён, як заўжды, быў на падпітку.

— Каралевіч мой каханы! — сказаў ён Ясю трагічным шэптам. — Што табе чалавека шчаслівым зрабіць. Вазамі кветкі дасылаеш гэтай голай прымадонне… Дай мне дзве сотні на лекі для жонкі… Я — творца, у мяне прызванне, а хто гэта разумее?.. Талент цяпер не аплачваецца. Толькі рэклама і прыгожыя ногі… А ў мяне ані рэкламы, ані ног, толькі талент і пуза… Вось і з голаду давядзецца падохнуць…

Ясь паспешліва дастаў з партманэ дзвесце рублёў і даў іх акцёру.

— Гран мярсі, мусьё!… Я лічу гэта пазыкай. І прашу памятаць, што я табе — сябар… Я… Сэмп-Сыркоўскі… змарнаваны, непрызнаны талент… Так…

Ён абняў Яся і пацалаваў.

— Ведаеш, каханы, я сёння з раніцы нічога не еў… Слова гонару!.. Толькі вось, гарэлкі ў сталярцы налілі… За гэта я блазнаваў паўгадзіны… Такое жыццё, каралевіч…

Ясь хацеў развітацца з акцёрам, але той раптам пляснуў сябе рукой па ілбе.

— Ведаеш, каралевіч, калі паставіш вячэру з кропелькамі, я табе ўладжу інтарэсік з галадоннай… Што, не верыш? Слова гонару…

— Я вас не разумею.

— Зараз зразумееш… Ты ёй там на тысячы кветак недасылаў… Але ты ж мужчына… Вядома, у чым тут справа… А я так інтэрас скірую, што яна сама да цябе ў ложак заскочыць… Нашто кветкавыя крамы карміць…

Ясь здзіўлена слухаў шчыроты п’янага акцёра. Урэшце, вельмі зацікаўлены, ён зразумеў, што той сур’ёзны ў сваіх намерах.

— Я бачу, што ты чалавек добры, — казаў акцёр далей, — і мне цябе шкада… Вось і я цябе ашукаў… Аніякай жонкі ў мяне няма… А грошы мне на гарэлку патрэбныя… Гарэлка — гэта таксама лекі… Мне гарэлка больш за хлеб патрэбная…

— Дык як вы гэта збіраецеся зрабіць!? — спытаў Ясь.

— Справа ясная, як раніца майская… Запрашу яе і цябе на вячэрачку… Яе адпаведна падрыхтую… Дзве тысячы ў дэкальтэ і гатова… Ну, і мне, каралевіч, па факце, рублікаў пяцьсот адшкадуйце… Вячэрачка таксама будзе каштаваць з пяць соценек…

Вырашылі так, што Сэмп-Сыркоўскі запросіць акцёрку ў суботу пасля спектакля да сябе на вячэру, патлумачыўшы ёй справу. Ясь даў яму 1 500 рублёў задатку. Ён дапускаў, што акцёр пускае пыл у вочы, але справа была не ў грошах. А прапанова зацікавіла яго як эксперымент: «Ці магчыма, каб такая прыгожая і таленавітая жанчына пагадзілася гандляваць сваім целам?»

У чацвер і пятніцу Ясь у тэатр не пайшоў, а ў суботу па абедзе яны разам з акцёрам купілі він, гарэлак і розных закусак. Падрыхтавалі ўсё старанна. Акцёр з гэтай мэтай зняў у сваёй гаспадыні вялікі, размешчаны побач з ягоным, сталовы пакой.

— Пасля вячэры, — сказаў акцёр Ясю, — я вас пакіну. Карыстайцеся маім пакоем. Бялізна свежая, пакой зацішны, зможаш дэтальна даследаваць усе геатапаграфічныя ўзвышшы і западзіны нашай чароўнай галадонны… А грошыкі падрыхтаваныя. Тысячку я ёй даў. Узяла і на другую аблізнулася.