Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 42

Сергей Песецкий

Праз два дні Ясь атрымаў ад парцье маленькі блакітны канверт, з якога дастаў таксама блакітны аркуш паперы.

«Чакаю Вас заўтра ў вялікім антракце ў сваёй грымёрцы».

Назаўтра ў пазначаны час Ясь пагрукаў у грымёрку артысткі.

— Заходзьце, — пачуўся з сярэдзіны раздражнёны голас.

Зусім не падобны да таго, які ён звычайна чуў з эстрады. Гэта крыху збянтэжыла хлопца, але ён адчыніў дзверы і ўвайшоў.

— Ах, гэта вы… пан… пан… Алоньскі…

Голас змяніўся да непазнавальнасці. Знікла сухасць, нецярплівасць, раздражненне. Загучалі мяккія, глыбокія тоны…

— Сядайце, калі ласка…

Акцёрка грыміравала твар. На плечы быў накінуты цёплы халат. Яна рыхтавалася да другой дзеі.

— Дзякую, — сказаў Ясь і сеў на крэсла побач з люстэркам.

— Вы хацелі зблізку ўбачыць, як выглядае жанчына, што з’яўляецца на сцэне то каралевай, то гейшай… — казала яна Ясю, седзячы да яго паўабаротам і ўсміхаючыся.

Яся бянтэжыў свабодны строй жанчыны. З-пад халата былі бачныя ейныя ногі ў доўгіх панчохах цялеснага колеру. Блішчэлі ў святле вялікай лямпачкі аголеныя рукі, і праз гэта хлопец нямеў.

— Так… Я вельмі люблю тэатр… А ваша выкананне мне спадабалася асабліва…

— І таму вы вырашылі збанкрутаваць, набываючы для мяне кветкі…

— Я хацеў зрабіць вам прыемна…

— Дзякуй вялікі… Вы ўвесь час жывяце ў Менску?

— Не… Я жыву на вёсцы… У мяне маёнтак пад Барысавам, — схлусіў Ясь. — У горад я прыязджаю.

— А цяпер адвярніцеся, — сказала акцёрка, падыходзячы да люстэрка. — Мне трэба пераапрануцца для сцэны.

Ясь сеў бокам да люстэрка і спінай у пакой. Ззаду ён чуў шапаценне тканіны. Гук расшпільвання гаплікаў. Раптам ён заўважыў у маленькім люстэрку на століку ля сцяны адбітак той часткі пакоя, дзе знаходзілася жанчына. Магчыма, люстэрка забылі там адмыслова для госця. Ясь убачыў цалкам аголеную жанчыну. Ён не ведаў, што рабіць. Цікаўнасць вымушала яго глядзець у люстэрка, а адначасова ён баяўся, што акцёрка можа гэта заўважыць. Таму ён адводзіў твар як надалей улева, а скоса паглядаў направа.

— Гатова… Як я вам падабаюся ў гэтым строі?

Ясь агледзеў яе і шчыра сказаў:

— Цудоўна!

Жанчына дакранулася да яго вуснаў пальчыкамі правай рукі і сказала:

— Цяпер мне трэба на сцэну… Завітвайце да мяне… Сёння не было часу паразмаўляць… Добра?..

— З вялікай прыемнасцю.

І Ясь стаў частым госцем у грымёрцы актрысы. Ён дасылаў ёй усё больш кветак і ўсё смялей размаўляў з ёю. Два разы ён адвёз яе фурманкай дадому. Але ніколі не наважыўся на двухзначны жарт або пацалунак. Яна была для яго істотай найвышэйшага рангу, і ён мог толькі марыць пра яе як пра жанчыну, якую можна песціць так, як Марусю Лобаву. З апошняй, зрэшты, Ясь перастаў дачыняцца пасля таго, як закахаўся ў акцёрку. Лобава была здзіўлена. Яна заўважыла, што каханак пазбягае ейных пяшчот, і спытала:

— Я табе ўжо абрыдла?

— Не…

— Дык чаму ты такі халодны са мною?

— У мяне праблемы.

— Якія?.. Можа, я табе неяк дапамагу або штось параю?

Але Ясь адвязваўся ад яе агульнымі фразамі і ўсё радзей наведваў. Ён сапраўды закахаўся ў актрысу. Не бачыў таго, што яна прынамсі на 15 гадоў старэйшая за яго, што жыццё моцна яе пашкуматала і толькі грым, раскошныя строі і прыгожыя рэчы складалі ўсю ейную аздобу. Ясь нават марыў пра яе як пра жонку. Але поруч з ёю ён адчуваў сябе такім нікчэмным, што самі мроі лічыў нахабствам.