Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 32

Сергей Песецкий

— Цыгары!

Армянін кінуўся да шуфляды і дастаў скрынку тых цыгар, якія звычайна набываў саноўнік. Падняў вечка і з павагай адвёў рукі. Ён ведаў, што «князь» не любіць, калі да цыгар дакранаюцца рукамі. Міністр узяў са скрынкі шэсць цыгар і паклаў іх у вялікі скураны партсігар.

— Плаціць! — на прылавак упала пяцісотрублёвая купюра.

Гаспадар паспешліва адлічваў рэшту. І тут раздаўся сухі энергічны голас:

— А гэта што?

Армянін убачыў выцягнуты над прылаўкам кій з манаграмай, скіраваны на дзірку ва ўпакоўцы карціны… Ён крыху збянтэжыўся, але паслужліва падскочыў да карціны і сказаў:

— Партрэцік, яснавяльможны пане…

— Разгарнуць!

Адразу ж з рамы зляцелі шнуркі і ўпаковачная папера. Карціну паставілі на прылаўку, армянін трымаў яе. «Князь» то адступаў, то падыходзіў бліжэй. Аглядаў з бакоў. Урэшце зблізку ён агледзеў палатно з абодвух бакоў і сказаў:

— Вы шмат хочаце… Плачу любыя грошы…

Армянін аслупянеў.

— Ну!.. — губляў цярпенне саноўнік.

— Я не ведаю…

— Што не ведаю… Усё мае сваю цану… Хіба што гэта не прадаецца.

— Прадаецца… натуральна…

— Тады колькі?

У галаве гандляра з’явілася думка: «Гэта ж можна зрабіць дасканалы інтэрас!». Праз момант быццам бы разваг над цаной ён сказаў:

— Яснавельможны пане, наконт цаны я павінен параіцца з жонкай.

— Хм… Ну добра, — сказаў саноўнік. — Прашу вас пасля вызначэння цаны паслязаўтра прынесці мне карціну а сёмай гадзіне вечара ў гатэль «Еўропа». Там парцье пакажа вам маё месцазнаходжанне. Калі ласка! — і саноўнік кінуў на прылавак візітоўку.

Пасля ён дастаў з партманэ пачак ост-рублёў пяцідзесяцірублёвымі купюрамі. На перавязцы пачка была пазначаная сума ў пяцьдзясят тысяч.

— Гэтую драбязу я даю вам у якасці задатку… Папярэджваю, што цяпер я маю права першачарговага выкупу карціны безадносна таго, якую суму прапануюць іншыя прэтэндэнты.

Калі праз чвэрць гадзіны жонка ўласніка прыйшла замяніць яго на час абеду, то падумала, што ейны муж звар’яцеў.

— Ты разумееш! Разумееш! — крычаў ён, размахваючы пачкам купюр. — Так робяць інтэрасы: 50 тысяч за 5 хвілін… Ну я і галава!

Ён пачаў хаатычна расказваць здзіўленай жанчыне пра размову з кліентам, паказаў ёй задатак і візітоўку, на якой значылася:

Іосіф Міхайлавіч Злаціньскі

Дырэктар Акадэміі прыгожых мастацтваў

у Петраградзе

— Цудоўны інтэрас! — ускрыкнула ў захапленні жонка. — Трэба толькі добра ім скарыстацца.

— Адно мяне здзіўляе: за такое рыззё аднаго задатку ён даў пяцьдзясят тысяч. Сказаў яшчэ, што гэта драбяза і што заплаціць любыя грошы.

Жонка армяніна скончыла гімназію, і гэта заўжды імпанавала мужу, які ўмеў толькі чытаць, пісаць і лічыць, узяла слова:

— Вартасць карціны не залежыць ад таго, што на ёй намалявана або ў якім яна стане, толькі ад таго, як гэта намалявана і што за мастак гэта зрабіў. Ёсць карціны, якія ацэньваюцца ў мільёны не ост-рублёў, а золата або даляраў… Тут трэба пільнаваць, каб той дырэктар нас не ашукаў… Хто-хто, а ён найлепш такія рэчы ведае…Можа, гэта карціна Рубенса, або Тыцыяна, або іншага славутага мастака мінулых стагоддзяў.