Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 34

Сергей Песецкий

Вырашылі, што муж выправіцца ў гатэль да пана дырэктара і скажа, што жонка пагадзілася прадаць карціну за паўтара мільёна. А пры неабходнасці саступіць з гэтай сумы.

Пакуль ішлі далейшыя нарады (чвэрць гадзіны пасля сыходу Яся), дзверы ў краму адкрыліся і ўвайшоў сам дырэктар. Пара знямела.

— Жонка прадае карціну? — коратка спытаў дырэктар.

— Так… Вядома, вядома… Натуральна ж, прадае… Чаму не? — збіваўся армянін.

— Шмат?!

У армяніна заняло дух. У жонкі чырвоныя плямы пайшлі па твары, яна пачала гаварыць:

— Паў… паў… — яна не скончыла, бо муж раптам перапыніў яе, адкашляўся, выняў грудзі і сказаў:

— Мы, пане дырэктару, гэтую карціну ведаем… Гэта высокая школа… Мільён і ані рубля менш. Вось што… Мы людзі бедныя… Кожны сваё цэніць і шануе…

Прымружанымі вачыма Філіп халодна глядзеў у вочы крамаўладальніка. Раптам ягоныя вусны скрывіліся ў лёгкай усмешцы:

— Шмат вы сказалі?!

«Зашмат?» — падумаў армянін, і цяпер чырвоныя плямы пабеглі па ягоным твары, пакуль ён спрабаваў паўтарыць суму.

— Мі… мі…

— Ну, мільён?.. Так? — дапамог яму дырэктар.

— Нібы так.

— Цудоўна! — сказаў дырэктар і пацягнуўся па партманэ.

Праз момант ён перадумаў.

— Цяпер усёй сумы я не маю, бо не важу пры сабе вялікія грошы, а задатак я вам і так даў… Таму добра, карціна мая. Калі ласка, дастаўце яе заўтра а сёмай вечара, і вы атрымаеце рэшту грошай.

Дырэктар злёгку хітнуў гаспадыні галавой на развітанне і выйшаў на вуліцу.

Як ён сышоў, жанчына з заціснутымі кулакамі падбегла да мужа:

— Дурань! Ідыёт! Паўмільёна выкінуў у акно! І нашто я выйшла замуж за такога хамуйлу!

Гаспадар смачна сплюнуў:

— Сама ты ідыётка. Ты ж пачала казаць «паў»…

— Я акурат хацела сказаць «паўтара», але збілася, а ты мне перашкодзіў і не даў скончыць. Як апошні дурань вылез з мільёнам. Я бачыла, як ён пасміхаўся твайму дурноццю. Ён бы і два мільёны даў, і тры, магчыма, нават пяць або дзесяць… Вось жа дурань, дурань, дурань!

— Але ж той паніч ацаніў яго на паўмільёна, — спрабаваў бараніцца муж.

— Бо я яго ўпрасіла. Разумееш? А зрэшты, што такі блазнюк разумее. Той сам казаў, што не ведае, колькі гэта каштуе… І што тут казаць. Калі мы вырашылі, што папросім паўтара мільёна, чаму ты прасіў адзін?!

І сварка працягвалася. І думка пра страчаныя і такія блізкія мільёны даводзіла мужа і жонку да роспачы.

Увечары ў краму прыйшоў Ясь. Ён быў у падарожным паліто, а цераз руку ў яго быў перакінуты плед.

— Ну як, ці бераце вы карціну, бо я акурат з’язджаю?

— Вядома, бяром, — панура адгукнуўся армянін. — Але, можа, вы б крыху саступілі. Што ў гэтай карціне такога: і фарбы палопаліся, і брудная, і намалявана абы-як…

— Я нічога не магу саступіць. Або вы купляеце, або не. Я вас не прымушаю. Хваліць карціну таксама не буду. Прадаю вам тое, што вы бачыце. А калі цана не адпавядае, то і не купляй, пане гаспадар.

Праз паўгадзіны Ясь выйшаў з крамы, маючы ў кішэні 50 000 ост-рублёў (той пачак, які армянін атрымаў як задатак ад дырэктара) і 450 000 ост-рублёў золатам і даляравымі купюрамі. Гэтая сума была досыць нядобрасумленна пералічана армянінам. Але Ясь зрабіў выгляд, што не разбіраецца ў гэтым.