Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 31

Сергей Песецкий

Шырока пазяхаючы, Філіп замаскіраваў задавальненне і сказаў:

— Ты, гэта… Высока лётаць пачынаеш…

Але на работу пагадзіўся. Ясь агульна апісаў яму ўсю справу і падрабязна патлумачыў амаль удвая старэйшаму калегу ягоную ролю.

Цяпер Ясь заняўся наведваннем антыкварных салонаў, крамак і латкоў з рознай старызнай. Яму было досыць цяжка знайсці неабходныя рэчы. Урэшце на Нізкім рынку яму трапіўся пабіты жыццём партрэт старой, зроблены алейнымі фарбамі. Паверхню карціны перасякала сетка расколін. У некалькіх месцах палатно працерлася. Рама таксама была ў вельмі кепскім стане. Ясь прывёў партрэт да ладу і набыў для яго іншую раму. Акрамя таго, у куце карціны, унізе, ён паставіў амаль нябачную літару, канец подпісу мастака. Пачатак губляўся на краі палатна.

Калі ўсё было падрыхтавана, Ясь загарнуў партрэт у два аркушы ўпаковачнай паперы і пайшоў з ім у горад. На Захар’еўскай ён зайшоў у тытунёвую краму і купіў пачак цыгарэт. Як звычайна, загаварыў з армянінам, а ў пэўны момант сказаў:

— Я хачу пакінуць у вас гэты партрэт. Я нёс яго на ацэнку аднаму знаўцу такіх рэчаў, які скупляе тут карціны для нямецкіх музеяў і галерэй. Калі б цана была добрая, я б прадаў яго. Але скупшчыка дома я не застаў. Ён з’ехаў на некалькі дзён. Я не хачу несці партрэт назад. Лепш, калі ён вернецца, забяру партрэт у вас, тут блізка.

— Ды калі ласка, — ахвотна пагадзіўся армянін. — Хай стаіць тут, колькі трэба. Месца хопіць.

Ясь клапатліва паставіў карціну ля сцяны за прылаўкам так, каб яна не замінала на праходзе, але і так, каб яе было відаць з крамы. Упаковачная папера ў адным месцы адмыслова была падраная, і праз дзірку віднелася частка партрэта. Ясь яшчэ трохі пагутарыў з армянінам. Сярод іншага ён згадаў, што партрэт з’яўляецца сямейнай рэліквіяй і, праўдападобна, досыць дарагі, але яму ён не падабаецца, і цяпер, у складанай сітуацыі, лепш прадаць гэтую карціну, чым іншыя каштоўныя рэчы.

Ужо некаторы час у тытунёвую краму рэгулярна завітваў высокі, элегантны, інтэлігентнага выгляду мужчына і купляў дарагія цыгары. Ён быў негаваркі, абыякавы да ўсяго і быццам бы крыху рассеяны. Армянін заўважыў, што наведнік мае залаты гадзіннік і вялікі пярсцёнак з гербам.

— Гэты то напэўна нейкі граф або князь, — сказаў уладальнік крамы жонцы.

— А можа, нейкі царскі міністр, які даў сюды драпака ад бальшавікоў, — выказала здагадку тая.

Армяніну карцела завязаць размову з высокай асобай. Але ад «міністра» біў такі холад і так патыхала важнасцю, што крамнік не наважваўся. Тым больш што госць заўжды быў негаваркі. Не вітаўся, не развітваўся. Уваходзіў з пагардліва надзьмутымі вуснамі. Каротка кідаў «цыгары» і называў марку. Пасля: «Колькі з мяне?» — і выходзіў, незгінальны, халодны, урачысты. Грошы ён вымаў са шчыльна набітага партманэ, быццам бы гідзячыся імі. Глядзеў граф не ў вочы, а скрозь іх. Філіп праявіў не абы-які акцёрскі талент. Ясь нават не ўяўляў сабе, як дасканала ягоны кампаньён выконвае сваю ролю.

На наступны дзень пасля з’яўлення партрэта пан «міністр» увайшоў у краму.