Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 33

Сергей Песецкий

Пара пачала раіцца, як далей весці справу. Найбольш іх непакоіла тая акалічнасць, што кліент, які пакінуў карціну, мог перадумаць яе прадаваць. Альбо не пагадзіцца прадаць яе без ацэнкі спецыяліста. А што пакажа ацэнка — невядома… У тытунёвай краме нецярпліва чакалі прыходу Яся, але той не прыходзіў.

Толькі назаўтра зранку ён, прыгожа апрануты і вясёлы, вярнуўся ў краму. Там ён застаў уласніка з жонкай, якія амаль усю ноч не спалі, узбуджаныя магчымасцю лёгкага і вялікага заробку.

— Добры дзень, — сказаў Ясь. — Цыгарэты, калі ласка, і я б хацеў забраць карціну.

Твары сужэнцаў выцягнуліся.

— Прыехаў той пан, што скупае карціны?

— Прыехаў і зноў паехаў. Гэтым разам у Берлін. Так мне сказалі ў гатэлі. Таму няма чаго чакаць, бо невядома, калі ён вернецца. Можа, і ніколі…

— А што з карцінай?.. Не будзеце яе прадаваць? — трывожна спытаўся гаспадар крамы.

— Не… Прадам штосьці з залатых рэчаў… Бо, разумееце, прадаць за бясцэнак — шкада… А адпаведную цану дасць толькі знаўца!.. Наогул гэты партрэт вельмі каштоўны… Я добра не ведаю наколькі… Я б аддаў яго і за пятую частку яго вартасці, бо гэта надоўга б пазбавіла мяне клопату… Але і гэтага ніхто некампетэнтны не дасць.

Тады, згодна з загадзя прадуманым сужэнцамі планам, адгукнулася жонка ўласніка. Міла і какетліва ўсміхаючыся хлопцу, яна сказала:

— А я акурат маю для вас добрага пакупніка на гэтую карціну.

— Праўда? — здзівіўся Ясь.

— Так… І гэты пакупнік — я…

Тады ўмяшаўся армянін.

— Уявіце сабе, жонка зацікавілася вашай карцінай. Там падралася папера. Уперлася, каб абавязкова паглядзець, бо яна любіць мастацтва. Я паказаў… Як адмовіць жанчыне… І ўявіце сабе, гэты партрэт да жудасці нагадвае ёй нябожчыцу маці. То цяпер яна мне галаву дурыць, каб я ёй яго купіў.

Ясь усміхнуўся.

— Дарагі капрыз.

— Што паробіш, — уздыхнуў армянін. — Хочацца дагадзіць жанчыне, таму я паабяцаў ёй, што куплю. Толькі не прасіце занадта дорага, бо і рама нецікавая, і карціна такая, што відаць мала што. Старая нейкая…

— Ах, што за глупства… Ты ў гэтым не разбіраешся, і ўсё, — перапыніла яго жонка.

Паклаўшы сваю далонь на Ясевы рукі, яна залётна пазірала яму ў вочы, прыгаворваючы:

— Я ж так любіла мамусю. У мяне ёсць ейны здымак, але кепскі, а тут такі партрэт — як жывая. Прадай мне яго, паночак.

Ясь прыкідваўся збянтэжаным. Нібы вагаўся. Урэшце рашуча сказаў:

— Добра. Я аддам вам гэту карціну, але за 500 000. Я лічу, што гэта надзвычай нізкая цана, але вы мяне ўзрушылі. Зрэшты, грошы мне таксама патрэбныя. Толькі я папрашу гэтую суму заплаціць мне сёння, золатам, па курсе чорнага рынку.

Сужэнцы папрасілі даць ім крыху часу падумаць. Ясь пагадзіўся прыйсці ўвечары і сказаў, што або забярэ карціну, або прадасць яе за згаданую суму. Нягледзячы на настойлівыя просьбы і гандаль, ён не пагадзіўся знізіць цану.

Пасля ягонага сыходу гаспадары крамы пачалі раіцца, што рабіць. А можа, дырэктар не заплаціць такой сумы, то і навару не будзе. Хто ведае? А калі яны купяць за 500 000, а папросяць мільён, то ён можа пакпіць з іх. Натуральна, найпрасцей было б выступіць пасярэднікамі ў куплі карціны паміж дырэктарам акадэміі і панічом з-пад Барысава. Але тады не выпадала б разлічваць на вялікі прыбытак. Толькі на верагодную ўзнагароду за знойдзенага пакупніка.