Читать «Вялікія і славутыя людзі зямлі Беларускай» онлайн - страница 6

Уладзімір Бутрамееў

Хутка паміж братамі пачалася вайна за тое, каму стаць галоўным князем. Яраполк забіў Алега і рыхтаваўся да паходу на Ноўгарад. Уладзімір таксама збіраў войскі.

Полацк ляжаў на шляху абодвух братоў, што вось-вось павінны былі пачаць бойку. I Яраполк і Уладзімір хацелі перацягнуць полацкага князя на свой бок і спадзяваліся на яго дапамогу.

У Рагвалода былі два сыны і дачка. Дачку звалі Рагнеда. Слава пра яе прыгажосць дайшла і да Ноўгарада, і да Кіева. Уладзімір паслаў у Полацк сватоў. Кіеўскі Яраполк таксама хацеў узяць яе за жонку. Рагвалод не стаў прымушаць Рагнеду і дазволіў ёй самой выбраць мужа. Гордая палачанка адмовіла паслам Уладзіміра. «Не хачу разуць сына рабыні», — адказала яна ім. Па старажытным славянскім звычаі жонка ў дзень вяселля здымала з ног мужа абутак. Атрымаўшы адказ, Уладзімір наняў варагаў і пайшоў на Полацк. Войска прыплыло на ладдзях і з усіх бакоў акружыла Полацк. Штурм цягнуўся некалькі дзён — палачане што ёсць сілы баранілі родны горад. У баі загінулі адважны Рагвалод і абодва яго сыны. Ворагі ўзабраліся на сцены. падпалілі дамы. Уладзімір і Дабрыня загадалі разбурыць Полацк дашчэнту. Большая частка жыхароў загінула, а тых, хто застаўся жывы, забралі ў палон.

Рагнеду Уладзімір сілаю прымусіў пайсці за яго. Заступіцца за яе не было каму, і ёй давялося стаць жонкай ненавіснага забойцы сваіх родных. А Уладзімір, каб яна заўсёды помніла пра паражэнне Полацка, даў ёй другое імя — Гарыслава.

Пасля разгрому Полацка Уладзімір асадзіў Кіеў. Ваявода Яраполка Блуд здрадзіў свайму князю і, ашукаўшы, завабіў Яраполка да Уладзіміра, дзе ворагі і забілі яго. Уладзімір стаў адзін княжыць у Кіеве. Рагнеда нарадзіла яму чатырох сыноў і дзвюх дачок. Старэйшымі з іх былі Ізяслаў і Яраслаў. Славяне тады пакланяліся паганскім багам. Паводле паганскіх звычаяў князь мог мець некалькі жонак. Уладзімір узяў сабе і жонку забітага Яраполка.

Візантыя, як і многія іншыя краіны, ужо мела хрысціянскую рэлігію. У 988 годзе Уладзімір пачаў хрышчэнне Русі. Цяпер ужо нельга было мець адразу некалькі жонак, хрысціянскія законы забаранялі гэта. I Уладзімір ажаніўся з сястрою візантыйскага імператара. Але пакідаць прыгажуню Рагнеду-Гарыславу ён не хацеў. Таму недалёка ад Кіева ён пабудаваў для княгіні сяло і часта наведваў яе. Аднойчы, калі Уладзімір зас­нуў, Рагнеда хацела забіць яго. Уладзімір прачнуўся і адабраў нож.

Бацьку майго ты забіў, зямлю маю ты захапіў, а мяне як паланянку ўзяў за жонку! — усклікнула Рагнеда. Разгневаны Уладзімір загадаў апрануць ёй самае прыгожае адзенне, у якім яна хоча памерці, сесці на ложа і чакаць смерці, а сам пайшоў па меч. Рагнеда паклікала свайго старэйшага сына Ізяслава, зусім яшчэ хлопчыка. I калі Уладзімір увайшоў, каб забіць Рагнеду, сын аклікнуў яго:

Бацька, ты тут не адзін!

Уладзімір убачыў сына, у руках якога быў аголены меч, сумеўся і не крануў Рагнеду. Ён сабраў баяраў і расказаў ім пра тое, што здарылася. Баяры параілі яму адпусціць Рагнеду з дзецьмі на радзіму — у Полацкае княства. Полацк быў разбураны, і Уладзімір загадаў пабудаваць для сваёй былой жонкі новы горад і назваў яго імем сына, які ўратаваў маці ад смерці, — Ізяслаўлем (цяпер горад Заслаўе).