Читать «Вялікія і славутыя людзі зямлі Беларускай» онлайн - страница 37

Уладзімір Бутрамееў

— А хто там ідзе, а хто там ідзе

У агромістай такой грамадзе?

— Беларусы...

— А чаго ж, чаго захацелася ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

— Людзьмі звацца!

Так! Не загіне народ, які мае гэтакага паэта-песняра!

Купала напісаў шмат вершаў і паэм. Многія вершы сталі песнямі. З п'есы Купалы «Паўлінка» пачаўся беларускі нацыянальны тэатр. Сам Купала стаў увасабленнем паэзіі, сімвалам паэта-песняра. I калі ў Злучаных Штатах Амерыкі вырашылі паставіць помнікі вялікім славянскім паэтам, то разам з помнікам Пушкіну і Тарасу Шаўчэнку паставілі і помнік Янку Купалу.

Не менш славуты і знакаміты другі наш пясняр — Якуб Колас. Ён нарадзіўся ў засценку Акінчыцы на Міншчыне, таксама ў сям'і беднага шляхціца. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, працаваў настаўнікам на Палессі.

Галоўны твор Коласа — паэма «Новая зямля». Гэта сапраўды народны твор. У ім думкі, надзеі і спадзяванні, усе праявы чалавечага жыцця, увесь побыт селяніна Колас узнёс да высокай паэзіі і філасофіі. Хто не ведае на памяць гэтых радкоў:

Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Не раз, утомлены дарогай, Жыццём вясны мае убогай, К табе я ў думках залятаю I там душою спачываю.

А праз некалькі старонак:

Дзень быў святы. Яшчэ ад рання Блінцы пякліся на сняданне...

Колас, як ніхто іншы, кранае душу чалавека, душу беларуса:

Не сядзіцца ў хаце Хлопчыку малому: Кліча яго рэчка, Цягнуць санкі з дому... — Мамачка-галубка! — Просіць сын так міла, — Можа б ты на рэчку Пагуляць пусціла?

Гэтыя простыя словы мы носім у сабе з дзіцячых гадоў. А ўспомніце:

У бязмежным небе Роўненькім шнурочкам Жураўлі на вырай Мкнуцца над лясочкам. Меншыцца шнурочак, У паднеб'і тае, Вось ледзь-ледзь чарнее, Міг — і прападае. I стаіш ты, смутны, Доўга пазіраеш, Як бы нешта страціў, А што — сам не знаеш. Так у час расстання З тым, хто сэрцу любы, Адчуваеш смутак Цяжкай страты-згубы I глядзіш маўкліва На дарожку тую, Што нясе ўдалечу Душу дарагую.

Куды б ні закінула жыццё беларуса, як бы ні склаўся яго лёс, гэтыя радкі сагрэюць і падтрымаюць у цяжкую хвіліну. Іх і перад смерцю ўспомніш.

Заключэнне

Вось і апошняя старонка кнігі, у якой апавядаецца пра людзей, чые імёны ўвайшлі ў гісторыю беларускай зямлі. Аўтар наўмысна не чапаў нашага часу, 20 стагоддзя. Хто‐небудзь уключыў бы ў «Беларускі Плутарх» гэтага перыяду імя Машэрава ці каго са славутых партызан, а хто — імя Вольгі Корбут, ці імёны «Песняроў», ці тых, хто загінуў у ліхія часы сталіншчыны. Але пройдуць часы, і погляд на многае зменіцца. Сапраўднае значэнне імя ў гісторыі высветліцца толькі з цягам часу. Можа гадоў праз сто хто‐небудзь напіша кнігу, у якой збярэ імёны беларусаў, след якіх у гісторыі 20 ды і 21 стагоддзя застанецца трывала, назаўсёды. Сярод гэтых імёнаў, можа, будуць і імёны тых, хто ў дзяцінстве трымаў у руках першую частку «Беларускага Плутарха». Аўтар спадзяецца на гэта, менавіта дзеля гэтага ён і працаваў.