Читать «Вялікія і славутыя людзі зямлі Беларускай» онлайн - страница 5

Уладзімір Бутрамееў

Таму полацкі князь Рагвалод меў моцную дружыну, якая абараняла Полацк. З яе дапамогай Рагвалод падпарадкаваў сабе ўсе суседнія землі — у тым ліку і тыя, на якіх жылі дрыгавічы. Паводле легенды, ён паслаў да дрыгавічоў свайго брата Тура. Тур заснаваў на рацэ Прыпяць горад-крэпасць Тураў і стаў першым тураўскім князем. Гэта яшчэ больш умацавала Полацкае княства. Рагвалод быў мужны і разумны кіраўнік.  Ён хацеў аб'яднаць плямёны, што жылі па Дзвіне, Дняпры і Прыпяці. Пры Рагвалодзе Полацкае княства стала адным з самых моцных сярод славянскіх княстваў, а Полацк — адным са знакамітых гарадоў таго часу.

Яшчэ да таго, як у Полацку пачаў княжыць Рагвалод, славяне,  што жылі ў Ноўгарадзе,  запрасілі да сябе княжыць аднаго з правадыроў варагаў — Рурыка. Ад яго пайшла дынастыя князёў, што княжылі ў Кіеве, бо наступны князь, сваяк Рурыка Алег захапіў Кіеў. Гэты князь праславіўся сваім паходам на Царград. Алег вярнуўся з паходу з вялікай данінай, і яму далі празванне Мудры — па-стараславянску Вешчы (ад слова «ведаць»). Алег выхоўваў малалетняга сына Рурыка — Ігара. I калі   той   стаў   дарослым,   ажаніў   яго   з   князёўнай Вольгай. Ігар княжыў нядоўга — яго забілі, калі збіраў даніну з аднаго славянскага племя — драўлян. Княгіня Вольга жорстка адпомсціла драўлянам — спаліла іх галоўны горад. Сын Вольгі і Ігара — князь Святаслаў — вельмі многа ваяваў. Ён перамог многіх ворагаў, але сам хацеў жыць не ў Кіеве, а ў Балгарыі, дзе захапіў шмат гарадоў. Вольга не дазваляла яму. Калі маці памерла, Святаслаў са сваёй дружынай зноў пайшоў у Балгарыю. На гэты раз яму не пашанцавала, і, вяртаючыся ў Кіеў, ён загінуў у бойцы з печанегамі-качэўнікамі, што часта нападалі на Кіеў.

Калі Святаслаў ад'язджаў з Кіева, ён пакінуў замест сябе княжыць трох сыноў. Старэйшы — Яраполк — заняў прастол у Кіеве. Сярэдні — Алег — стаў княжыць у зямлі драўлян. Малодшаму — Уладзіміру — не дасталося княжання, бо яго маці не была князёўнай. Яе звалі Малуша, і яна служыла ключніцай у княгіні Вольгі. Таму Уладзіміра лічылі сынам рабыні. Брат Малушы — дружыннік Дабрыня — параіў наўгародцам, якія на той час засталіся без князя, запрасіць да сябе Уладзіміра. Так Уладзімір апынуўся у Ноўгарадзе.