Читать «Вялікія і славутыя людзі зямлі Беларускай» онлайн
Уладзімір Бутрамееў
Уладзімір Бутрамееў
Вялікія і славутыя людзі зямлі Беларускай
Частка першая
Беларуская зямля старажытных часоў
Легендарныя продкі беларусаў
АДАМ —
ЕВА —
ЯФЕТ —
СЛАВЕН —
РАДЗІМ —
ДРЫГАВІТ —
КРЫВА —
Кожны чалавек хоча ведаць, адкуль і калі з'явіўся яго народ, як жылі далёкія продкі і хто з іх праславіўся подзвігамі і вялікімі справамі. Гісторыя беларусаў, як і іншых народаў, пачынаецца ў далёкім мінулым, і вучоныя не могуць дакладна растлумачыць, як ўсё было на самым пачатку. Але захаваліся легенды і паданні, якія апавядаюць пра гэта. Яны іншы раз падобныя на казкі, але, па-першае, нават у казцы ёсць нейкая кропля праўды, а па-другое, лепш мець адзінае ўяўленне, хай сабе і напалову казачнае, чым блытацца ў недакладных звестках. Таму, каб вызначыць месца беларусаў сярод іншых народаў свету, мы і звернемся да паданняў і легендаў, якіх шмат у адной з самых старажытных кніг свету — Бібліі, у летапісах, у старых хроніках.
Паводле Бібліі, Бог стварыў неба і зямлю, расліны, жывёл і першых людзей — Адама і Еву. Адама і Еву мы лічым найстаражытнейшымі продкамі ўсіх людзей, у тым ліку і беларусаў. Гэта прапрапрапродкі.
Адам і Ева жылі ў раі, але яны парушылі загад Бога, і ён выгнаў іх на зямлю. У Адама і Евы нарадзіліся два сыны — Каін і Авель. Каін быў земляробам. Авель пасвіў жывёлу. З зайздрасці Каін забіў Авеля. Так людзі зрабілі грэх — братазабойства.
Калі людзей стала шмат, яны натварылі столькі грахоў, што Бог затапіў зямлю вадой, каб знішчыць іх. Толькі аднаму чалавеку, які не грашыў, Бог загадаў пабудаваць каўчэг і ратавацца ад патопу. Звалі гэтага чалавека Ной. У каўчэг ён узяў па пары ўсіх жывёл і сем'і сваіх сыноў — Хама, Сіма і Яфета. Ад іх пайшоў пасля патопу род людскі на зямлі.
Ад Хама пайшлі егіпцяне. Самыя вядомыя з іх — фараон Хеопс, які пабудаваў найвялікшую ў свеце піраміду, і прыгажуня Неферціці. Паводле легенды, ад Хама паходзяць таксама ўсе жыхары Афрыкі і старажытныя фінікійцы, якія прыдумалі першы алфавіт. Фінікійцам быў і славуты палкаводзец Ганібал.
Ад Сіма пайшлі яўрэі, вавіланяне і арабы. Яўрэі захавалі легенды і паданні старажытных народаў і склалі святое пісанне — Біблію. Самыя славутыя сярод іх былі цар Давід, мудры Саламон і Ісус Хрыстос, пачынальнік хрысціянскай рэлігіі. Вавіланяне праславіліся самым вялікім горадам таго часу — Вавілонам, а арабы — прарокам Мухамедам, пачынальнікам мусульманскай рэлігіі — іслама.
Ад сыноў Яфета пайшлі народы, што жывуць ад Індыі да Еўропы і размаўляюць на індаеўрапейскіх мовах. Гэта і індусы, і персы, і грэкі, і германцы, і кельты, і славяне. Сярод індусаў жыў Буда, стваральнік яшчэ адной сусветнай рэлігіі — будызму. Персы заваявалі мноства краін ад Індыі да Грэцыі. Грэкі вядомыя імёнамі вялікіх філосафаў Сакрата, Платона, Арыстоцеля, а яшчэ больш — імем славутага паэта Гамера. Блізкія сваякі грэкаў македонцы на чале з Аляксандрам Македонскім заваявалі амаль увесь свет. А нашчадкі далёкіх сваякоў грэкаў — траянцы заснавалі ў Італіі горад Рым, які пасля стаў цэнтрам сусветнай імперыі. Вялікія рымляне — палкаводзец Юлій Цэзар, аратар Цыцэрон. Ад кельтаў (іх яшчэ называюць гагамі) і германцаў паходзяць сучасныя французы, немцы, англічане, аўстрыйцы, сярод якіх таксама было шмат славутых людзей.