Читать «Вялікія і славутыя людзі зямлі Беларускай» онлайн - страница 3
Уладзімір Бутрамееў
На той час усе народы, якія жылі на беразе Міжземнага мора (найстаражытнейшага Егіпта і старажытнай Грэцыі, будучай Францыі і іншыя), уваходзілі ў Вялікую Рымскую імперыю. Рым ўжо не меў моцы ўтрымліваць уладу над імі. I тады маладыя суседзі пачалі нападаць на Рымскую імперыю. Разбураліся старыя дзяржавы. Узнікалі новыя. Тут жа разбураліся новыя і ўзнікалі найноўшыя. Іншыя гінулі, не паспеўшы ўзнікнуць. Раптам аднекуль з'яўляліся незлічоныя народы. Раптам бясследна знікалі. Усе гэтыя падзеі атрымалі ў гісторыі назву «вялікае перасяленне народаў».
Жыць у такі час было вельмі цяжка. Асабліва славянам, якія ад прыроды былі спакойныя і лагодныя. Звычайна славяне не працівіліся, калі іншыя плямёны з розных бакоў прыходзілі ў іхнія ўладанні. Яны лічылі, што месца хопіць усім, зямлі ў славян было шмат. Але потым узнікалі спрэчкі і сваркі. I славяне паступова перасяляліся далей ад неспакойных суседзяў. Аднойчы славуты князь Бурывой, прапраўнук Славена, сабраў славян і павёў іх на ўсход. Там раскінуліся маланаселеныя землі з мноствам рэк, лугоў і густых лясоў. Так славяне паступова рассяліліся ад Чорнага да Балтыйскага мора. Тыя плямёны, што аселі ў лясах, па словах летапісцаў, пачалі называцца драўлянамі (ад слова «дрэва»), тыя, што на мяжы са стэпамі, — палянамі (ад слова «поле»), а тыя, што апынуліся на поўначы ад іх, — севяранамі. Было шмат і іншых плямён, якія атрымалі розныя назвы.
Плямёны, што аселі на тэрыторыі Беларусі, атрымалі назвы ад сваіх старэйшын. На рацэ Сож спынілася племя, якое прывялі два браты — Радзім і Вятка. Вятка пайшоў са сваім родам на раку Ака. Радзім застаўся на Сожы. Радзімічы жылі на гарадзішчах. Гарадзішчы засцерагалі іх ад нападаў суседзяў і стэпавых качэўнікаў, якія часта ўчынялі набегі на славян. Радзімічы займаліся паляваннем і рыбалоўствам. Іх любімым упрыгожаннем былі сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы. Пазней на зямлі радзімічаў узнікнуць гарады Гомель, Чачэрск, Прапошаск (сучасны Слаўгарад).
Легендарны Дрыгавіт прывёў на раку Прыпяць другое славянскае племя. Тут было шмат балот. Па-стараславянску балота называецца дрыгва. Таму многія вучоныя лічылі, што племя атрымала сваю назву — дрыгавічы — ад мясцовасці, на якой пасялілася. Дрыгавічы занялі значную частку Беларусі ад Прыпяці да Дняпра, Нёмана, Буга і Дзвіны. Апроч палявання і рыбалоўства яны займаліся і земляробствам: высякалі лясы, разворвалі зямлю і сеялі збожжа. Некаторыя пасяленні дрыгавічоў станавіліся гарадкамі, у якіх жылі рамеснікі, купцы вялі гандаль. Так узніклі Пінск, Брэст, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Тураў. Сёння на зямлі дрыгавічоў стаяць і Гродна, і Менск.
Апынулася на Беларусі і частка племя, якое сталі называць крывічамі, па імю свайго правадыра Крыва. Гэта было адно з самых шматлікіх славянскіх плямён. Крывічы пасяліліся ад Нёмана да Дзвіны і Дняпра. Іхнія супляменнікі дайшлі да Чудскага возера і да Волгі.
Крывічы займаліся земляробствам і рамёствамі. Іх жанчыны насілі пазалочаныя шкляныя пацеркі. Крывічы ўжо аб'ядноўваліся ў ваенныя саюзы і выбіралі князёў-правадыроў.