Читать «Высокія дрэвы» онлайн - страница 20

Леапольд Стаф

КУМКАННЕ ЖАБАЎ

Калі бусел на змярканні Прылятае з палявання I зара залоціць поле — Жабам радасць і прыволле. Пачынае ў цішы кумкаць Кумцы кумка, кумцы кумка, Покуль спяць буслы ў буслянцы, Можна кумкаць, не баяцца. * Пачынае сонна, глуха, Бы са дна ўздыхаюць духі; З сажалкі, пакрытай тванню, Быццам ікаўкі рыданне, Енкне ціха, сумна, слаба: «Кепска жабе, беднай жабе! Да схаванай ў гразкай багне Ні адну душу не цягне, Ні адной істоты блізкай У халоднай, брыдкай, склізкай. Бо не ружай ружавееш — Камяком зямлі шарэеш, Прашчур твой — камень шурпаты, Смутак у вачах лупатых, Рот ад вуха і да вуха, V завешся ты: рапуха! Хоць хаваешся ў балоце, Ловіш мошак у чароце, Цябе ганяць, ненавідзяць. Вох, за што нас, кумка, крыўдзяць?» * Калі бусел на змярканні Прылятае з палявання I зара залоціць поле — Жабам радасць і прыволле. Пачынае у цішы кумкаць Кумцы кумка, кумцы кумка, Покуль спяць буслы ў буслянцы, Можна кумкаць, не баяцца... * «Слушна кажаш, кумка, слушна. Бо і ў радасці нам скрушна. Скуль той сполах перад намі? Нас баяцца ўзяць рукамі, Трапім жа каму на вочы — Той убок спяшае збочыць. Ды хоць гнусіць зрок рапуха, Але радуецца вуха, Калі спеў яе пачуе. Глузду нам свайго бракуе, Розум божы ў нас затое, Што стварыў усё жывое. Чуюць людзі сярод змроку, Што іх сум ляжыць глыбока, Невымоўны, неабдымны. I таму, калі мы гімны Кумкаем, а небаракі Не знаходзяць слоў ніякіх — Кожны ўзносіць свае жальбы Да нябёсаў мовай жабы». * Калі бусел на змярканні Прылятае з палявання I зара залоціць поле — Жабам радасць і прыволле. Пачынае ў цішы кумкаць Кумцы кумка, кумцы кумка, Покуль спяць буслы ў буслянцы, Можна кумкаць, не баяцца... * «Кумка, кумка! Слухай, кумка! Разумею слабай думкай: Цяжка жабам! Цяжка людзям! У духмяным ночы цудзе. Калі ў сне зямлі разлогі Размаўляюць ціха з Богам, Калі зоркі неўзаметку Распускаюцца, бы кветкі, Калі месяц ясназоры Рассыпае ў росах зоры, А туман па-над вадою Сны сплятае чарадою: Як не енкнуць з той нагоды, Што краса і бляск прыроды Праплываюць, сеюць чары У душы любой пачвары, Ды анёлаў з іх не робяць, А ў галечы, у жалобе, У лятунках, жалю вартых, Пакідаюць іх з пагардай». * Калі бусел на змярканні Прылятае з палявання I зара залоціць поле — Жабам радасць і прыволле. Пачынае ў цішы кумкаць Кумцы кумка, кумцы кумка, Покуль спяць буслы ў буслянцы, Можна кумкаць, не баяцца... * «На якое, кумкі, ліха Гэтак кумкаць! Не ад пыхі Пагарджаюць намі, кумкі, А ад жалю і ад думкі, Што ў нас душы не ў блакіце, Што ў нас сэрцы не ў зеніце. Дух людскі слабы і кволы, Як ты, жаба, невясёлы, Тоне ў нэндзы, тоне ў багне, I ўсё тужыць, і ўсё прагне. Зрокам ганіць ён брыдоту, Слыхам любіць ён маркоту. I калі глядзіць на зоры, Яго точыць немы сорам, Што сярод акрасы цуднай Ён цямнее плямай бруднай: Вось тады мы і галосім Тое, што ён нішкам носіць. Добра быць рапухай брыдкай, Бо ніхто ў абліччы гідкім Ганьбы для сябе не бачыць... I заўжды яе прабачыць». * Калі бусел на змярканні Прылятае з палявання I зара залоціць поле — Жабам радасць і прыволле. Пачынае ў цішы кумкаць Кумцы кумка, кумцы кумка, Покуль спяць буслы ў буслянцы, Можна кумкаць, не баяцца... 1919