Читать «Высокія дрэвы» онлайн - страница 15

Леапольд Стаф

ВЯСНОВАМ НОЧЧУ

Вясновай ноччу, сярод руж, У срэбным ззянні поўні, Я слухаю нямую глуш, Што снамі грудзі поўніць, I раптам праплылі між дрэў Тваіх адзеж аблокі I загучаў твой ціхі спеў... Так мне здалося ў змроку... А птах пяе ў галлі бяроз, Нясецца спеў па перлах рос, Пад серабрыстым ззяннем Душа гарыць каханнем. А ты, як тая кветка-здань У снегавым адзенні, Плывеш сюды, у глухамань, У бледна-сінім льсненні, Далонь на вочы мне кладзеш, Смяешся ясным смехам, I радасць, што не мае меж, Звініць наўкола рэхам. А птах пяе ў галлі бяроз, Нясецца спеў па перлах рос, Пад серабрыстым ззяннем Душа гарыць каханнем. Мяне прытульвае далонь I мяккасць кос дзявочых, Я да цябе схіляю скронь I бачу твае вочы. З чала цень смутку нікне ўраз, I так, нібы навекі, Злучае пацалунак нас — ...Расплюшчваю павекі... Ах, гэта змоўк салодкі спеў, Упала колькі кропляў з дрэў, Ды бачыў тыя слёзы Адзін туман бялёсы. 1911

АД ТЛУМУ МЕСТА...

Ад тлуму места, з вуліц цесных, Што ўдзень тугой і дымам точаць, А ноччу сон даюць гарэсны, Што яшчэ болей цемніць вочы; З пакоя змрочнага, дзе ў цішы Я з болем быў сваім сам-насам, Пад вольныя нябёсы выйшаў Да гэтых дрэў, да гэтых красак. Ды быццам за хаўтурным шэсцем Іду! I боль пячэ жахлівей: Між гэтых дрэў, на гэтым месцы Я колісь быў такі шчаслівы! 1911

ВОСЕНЬСКІ ТУМАН

Туман бялёсы валачэцца Між рэдкіх дрэў па полі I быццам на дыбках крадзецца, Каб не вярэдзіць болю. Ды боль не спіць: бо сэрца мроіць Аб страчаным, якое Галосіць нада мной і поіць Атрутнаю вадою. Сон аб табе прадзецца жалем, На шрам слязьмі цярусіць... Ды будзе яшчэ болей джаліць Боль, калі я прачнуся. 1911