Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 9

Іван Навуменка

На словы Алёшы Першамайка адказала дружным рогатам.

— Мы яшчэ пакупаемся, а ты пачакай трохі! — закрычаў з вады той самы белагаловы Косця. — Пагрэйся на сонцы.

Такой абразы сцярпець ужо нельга было. Алёша схапіў грудку зямлі і шпурнуў у белую галаву Косці. За ім, як па камандзе, кінуліся ў бой усе слабадскія хлопцы. Яша таксама раз-пораз кідаў у ваду, дзе плавалі першамайцы, грудкамі, аддаўшыся ўсім сэрцам нечакана ўзнікшаму баявому запалу.

Але Першамайка недарма артачылася. Праз якую-небудзь хвіліну тыя, што купаліся, самі перайшлі ў наступленне. Ды і пазіцыя была ў іх лепшая. На дне копанкі аказалася болей усялякага дабра, чым на беразе. У слабадскіх хлопцаў паляцелі палкі, кавалкі зляжалага глею, усялякі друз. Змітрака Калашка на першамайцы за нагу зацягнулі ў копанку, і ён боўтаўся там у адзенні. Бахілка лямантаваў, бо нехта пацэліў яму дручком па рэбрах. Самому Алёшу кавалкам гліны заляпілі ўвесьтвар. Першамайка так насядала, што прыйшлося адступіць. Першамайцы выскачылі з копанкі і голыя гналіся за слабадскімі хлопцамі.

IV

Гэта была нечуваная ганьба. Яшчэ ніколі Слабодка не адступала перад баязлівай, недарослай Першамайкай. Відаць, нешта з гэтымі першамайскімі хлопцамі здарылася. Адкуль раптам у іх з'явіліся такі спрыт і адвага?

Але лішне разважаць не прыходзілася. Трэба было шукаць нейкага паратунку, каб змыць ганьбу, што павісла над Слабадской вуліцай. Яшчэ, здаецца, ніколі Яша не глядзеў з такой падзеяй на рудога Алёшу. Алёша павінен быў знайсці выхад з гэтага надзвычай цяжкага становішча.

Увесь той дзень, стаіўшыся пад Тарабанавай павеццю, хлопцы думалі. Была выслана разведка, якая далажыла, што першамайцы пе купаюцца болей у копанцы. Але гэтая вестка не прынесла палёгкі. У той дзень не хадзілі абдзіраць вішнёвую смалу ў Салвэсеў сад, не насілі здаваць бутэлькі ў краму Алёшавага бацькі, забыліся на ўсе прыгажосці жыцця, якія лета дае проста дарма.

— Трэба ім усыпаць! — нарэшце рашуча прамовіў Алёша. Слабодка з палёгкай уздыхнула. Так думалі ўсе, і Алёшавы словы паддалі хлопцам адвагі.

— Трэба ім даць, каб яны помнілі і ніколі да нас не чапляліся, — гаварыў далей Тарабан. — Няхай ведаюць, што яны ўсе нулі без палачак. Я яшчэ пакажу гэтаму Косцю.

Хлопцы крычалі, спрачаліся наконт планаў помсты. Але ў кожнага, ды, мабыць, і ў самога Алёшы, быў у душы прытоены страх перад Першамайкай. Гэтыя ж «нулі без палачак» гналі іх сёння ад копанкі аж да самых агародаў.

У той дзень нічога не прыдумалі. Алёша распусціў хлопцаў па хатах, загадаўшы з'явіцца назаўтра раніцай. Алёша над нечым думаў.

Ноччу Яша не спаў. Яму мроіўся іхні смелы заўтрашні налет на копанку, уцёкі першамайскіх хлопцаў, сапраўдная перамога. Назаўтра Яша, нават як след не паснедаўшы, прыбег пад Тарабанаву павець. Хлопцы былі ўжо ў зборы. Алёша прыйшоў заклапочаны і сур'ёзны. Ён нешта прыдумаў — гэта бачылі ўсе.

Нам трэба армію стварыць, — заявіў Алёша. — Толькі не на гульню, як раней — адны чырвоныя, другія белыя. Трэба армія нашай вуліцы. У нас будзе цяпер сапраўдная вайна...

Вядома, ніхто не мог прыдумаць лепей за Тарабана Алёшу. Думка пра армію спадабалася ўсім. Тады Алёша выняў з кішэні істок паперы і прачытаў прысягу, якую ён сам склаў за ноч. Іэтую прысягу трэба было падпісаць уласнай крывёю. Тут жа пад Тарабанавай павеццю кожны пракалоў Алёшавым пяром руку і паставіў сваё прозвішча пад прысягай...