Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 8

Іван Навуменка

— Бацька не хацеў разумець Яшу, і з ім цяжка было гаварыць...

— Канікулы наогул праходзілі цікава. Лднойчы, паслятаго як на станцыю прывезлі малатарні і жняяркі для калгаса, у галаве рудога Алёшы нарадзіўся цікавы план. Ён надумаўся сканструяваць уласны трактар. Для гэтага трэба было шмат розных кольцаў, шрубак, болцікаў. Хлопцы прыцемкам хадзілі на станцыю і наадкручвалі ад малатарань усялякага дабра. Але скласці з гэтых частак трактар усё ж не ўдалося. Меншыя Тарабаны пакралі вельмі многа важных дэталей і, нягледзячы на суровы допыт, які ім учыніў Алёша, нізавошта не хацелі расставацца з кольцамі і болцікамі. Прыйшлося пабудову трактара часова адкласці. Тым болей што надышлі больш важныя падзеі, якія цалкам захапілі ўсіх хлопцаў. Пачалася вайна з Першамайкай...

— Першая бойка выбухнула за Цітаву копанку. Гэтая копанка знаходзілася якраз пасярэдзіне паміж Слабодкай, на якой жылі Яша, Тарабаны, Змітрок Калашкан, Алесь Бахілка, і вуліцай Першамайкай, дзе згрупавалася варожае войска на чале з белагаловым Косцем. Копанка не дужа вялікая, і калі з раніцы прыходзіла купацца Слабодка, то Першамайка ужо да самага вечара не магла сюды паткнуцца. Іншы раз слабадскія хлопцы вылазілі з вады ў абед, але Першамайка мала радавалася гэтаму. Вада ў копанцы была ўскаламучаная, чорная, брудная.

— Да таго як пачалася гэтая вайна, Слабодка з Першамайкай проста гулялі паміж сабой у чырвоных і белых, а таксама ў Чапаева і бацьку Махно. Яша тры разы быў у чырвоных і толькі адзін раз у белых Але з таго часу, як хлопцы з абедзвюх вуліц селі за парты, яны паразумнелі. Цяпер ужо ні Слабодка, ні Першамайка ні за якія абяцанкі не пайшлі б у бой пад сцягамі белай арміі або бацькі Махно. Але па-ранейшаму хацелася нечага вялікага, гераічнага. Хіба ж можна адмовіцца ад подзвігу, ад вайны за праўду, калі табе дзесяць, а то і цэлых дванаццаць гадоў?..

— У тую ціхую летнюю раніцу, калі Слабодка прыбегла да копанкі, у вадзе ўжо плюхаліся першамайскія хлопцы.

— Дзень пачаўся няўдала. Для купання ён загінуў. А дзень быў цёплы, сонечны, крыўдна ў такі дзень не пакупацца.

— Тарабанаў Алёша хадзіў па беразе копанкі злосны і нахмраны. А баязлівыя хлопцы з Першамайкі нібы яго і не заўважалі. Яны плюхаліся ў вадзе, рагаталі і пішчалі. Першамайцы вялі сябе проста нахабна.

— Гэй, сіняпупыя, вылазь з вады! — закамандаваў Тарабан. — Я лічу да дзесяці...

— Ты палічы да тысячы, — адказаў белагаловы Косця Кветка. — Камандзір знайшоўся. Хочаш купацца, дык лезь.

— Яша, які прысутнічаў пры гэтай размове, замёр ад нечаканасці. Яшчэ ніхто і ніколі не размаўляўтак з іхнім Алёшам. Яша трохі ведаў Косцю — ён перайшоў у трэці клас, але ніякім сілачом не лічыўся.

— Алёша, мабыць, і сам не чакаў такога адпору. У першую хвіліну ён не знайшоўся, што адказаць.

Слабодка пазірала на свайго камандзіра, чакаючы толькі яго загаду.

— Я з табой пагавару, вылезь толькі з вады, — паабяцаў Алёша. — Ты ў мяне паскачаш...