Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 7

Іван Навуменка

ІІІ

Яшу не пашанцавала не толькі на імя. Не пашанцавала яму і на бацьку. Бацька рудога Алёшы працаваў у самай вялікай краме. Ім можна было ганарыцца. Ён мог зрабіцьусё, што захоча.

— На той год бацька дасць мне стрэльбу, — хваліўся Тарабан. — Буду хадзіць на ваўкоў, мядзведзяў, ласёў. А што, за шкуру добра плоцяць, а мяса будзем саліць...

Хлопцы падтаквалі і зайздросцілі Алёшу. Хто б адмовіўся ад стрэльбы, з якою не страшна і ноччу пайсці ў лес! У тым, што Тарабан настраляе колькі хочаш рознай зверыны, не сумняваўся ніхто. Яго бясстрашша, сілу і спрыт ведалі ўсе.

— У Змітрака Калашкана бацька загінуў недзе аж на Белым моры. Ён завербаваўся туды біць цюленяў і маржоў, але там захварэў і памёр. Праўда, Змітрок расказваў пра смерць бацькі зусім не так, як суседзі і сваякі. Аказваецца, Калашканаў бацька зусім не памёр, яго разам з караблём, на якім ён плаваў капітанам, праглынуў велізарны кіт. Бацька выбіў кіту з гарматы адно вока, але болей нічога не паспеў зрабіць. Калашкан шчыра ганарыўся сваім бацькам, і Яша ў душы зайздросціў яму.

— Алесь Бахілка таксама штодня выхваляўся бацькам. Яго курносы з буйнымі вяснушкамі твар проста аж свяціўся ад задавальнення, калі ён расказваў пра бацькаў подзвіг. Стары Бахілка ездзіў кандуктарам, і Алесь заўсёды даводзіў, што гэта самая вялікая пасада на чыгунцы. Без Алесевага бацькі не мог адправіцца ніводзін поезд, і без яго дазволу ніхто не мог сесці ў вагон. Бахілкаў бацька стаяў праўда, на тормазе апошняга таварнага вагона, але хлопцы ўсё адно былі перакананы, што без яго чыгунка не змагла б працаваць. Руды Алёша даўно ўжо атрымаў дазвол ад Алеся, што пры першай патрэбе стары Бахілка завязе яго без білета аж у самую Маскву.

— Але самы гераічны бацька аказаўся ў Аркадзя Панядзелка. Стары Панядзелак, даглядчык чыгуначнай лазні, быў нізенькі, згорблены, і ніхто, вядома, Аркадзю спачатку не зайздросціў. Аркадзева слава пачала расці з таго часу, як настаўніца Марыя Рыгораўна выклікала яго бацьку ў школу. Аркадзь разбіў школьную вітрыну, і Марыя Рыгораўна загадала яму прыйсці з бацькам. Вось тады і высветлілася, што Аркадзеў бацька лавіў бандытаў, а самага галоўнага іх атамана запёр у лазні, калі той парыўся. Бацька пры ўсіх сароміў Аркадзя і нават хацеў перацягнуць яго папругай, але настаўніца не дала. З таго часу хлопцы пачалі адносіцца да Панядзелка па-другому. Яго дружбы дамагаліся ўсе. Лркадзь жыў на чыгуначным пасёлку, і яго па чарзе звалі да сябе ў госці хлопцы і з Першамайкі, і са Слабодкі — дзвюх вуліц, якія падзяляліся чыгункай і невялікай сенажаццю.

— Яша не мог пахваліцца ні сваім бацькам, ні дзедам. Бацька ўступіў у калгас, вазіў гной і араў поле. З белымі ён не ваяваў, нават у войску не служыў, і расказаць пра яго што-небудзь цікавае было цяжка. Тое самае і дзед. ЁН, праўда, іграў на скрыпцы, і яго запрашалі на вяселлі. Але хлопцы не бралі гэтага пад увагу. Яша аднойчы нават папракнуў бацысу за тое, што ён нідзе не ваяваў.

— Бач, галадранец, чаго захацеў! — засмяяўся бацька. — Дзякуй богу, што ясі хлеб на поўны рот. Без бацькі брындаў бы, як той Калашканаў вісус...