Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 10

Іван Навуменка

Алёша прызначыў камандзіраў. Камандзірамі палкоў былі пастаўлены Змітрок Калашкан і Алесь Бахілка. Сам Алёша захаваў за сабой пост галоўнага камандуючага. Яша ніякага чыну не атрымаў, ён застаўся звычайным байцом. Такіх, як ён, была большая палавіна.

З гэтай раніцы пачалася старанная падрыхтоўка да наступлення на Першамайку. У якасці будучага тэатра ваенных дзеянняў намячалася, вядома, Цітава копанка. Гэта была справа гонару — разбіць першамайскіх хлопцаў каля копанкі, адплаціць ім за ўчарашнюю ганьбу. Цэлы дзень армія рабіла рагаткі.

Разведка між тым даносіла, што каля копанкі першамайкі хлопць болей не паказваюцца. Гэта трохі знізіла баявы настрой слабадскога войска. Нікому не хацелася проста так, без перамогі, ісці купацца ў Цітаву копанку. Тады Алёша прапанаваў новы план. У выкананні яго галоўную ролю павінен быў адыграць Яша. Алёша загадаў яму ісці на Першамайскую вуліцу і пранюхаць, што там робіцца.

— Цябе яны, можа, і не зачэпяць, — заспакоіў Яшу Тарабан. — А калі будуць біць і распытваць пра нас, то нічога ім не кажы. Зразумеў?

Яша, вядома, разумеў, што яго становішча можа быць нялёгкім. Але ў душы ён радаваўся даручэнню. Яму здавалася, што нездарма Алёша прызначыў у разведку іменна яго. Калі гулялі ў «кругавога», Яша лепей за ўсіх хлопцаў умеў адгадваць, у каго схаваны мяч. Шкада толькі, што раней Алёша не заўважаў гэтага і ніколі не прызначаў Яшу нападаючым.

План разведкі ў Яшы склаўся адразу. На Першамайцы жыла яго цётка, і калі яго сустрэнуць першамайскія хлопцы, ён скажа, што ідзе да яе. Калі ж яны не павераць і пачнуць яго біць, ён можа давесці іх да самага цётчынага двара.

Яша пайшоў. Ён не ўзяў з сабой ні рагаткі, ні нават палкі. Нікога з хлопцаў на Першамайскай вуліцы ён не сустрэў. Сонца хілілася ўжо к захаду, злосныя сабакі, якія былі тут амаль у кожным двары, з незахаваным падазрэннем праводзілі Яшу. Хлопец прайшоў ужо ўсю Першамайку з канца ў канец і нічога пакуль што не выявіў. Але з пустымі рукамі вяртацца назад не выпадала. Пра сваю цётку Яша забыў, трэба было дазнацца, што робіць гэты самы белагаловы Косця.

— Яша, чаго ты тут ходзіш?

Хлопец здрыгануўся ўсім целам, але адразу ўзяў сябе ў рукі. Яму нічога не пагражала, бо гэта аклікнула яго Ліза. Яна была ў белай сукенцы і стаяла каля сваіх веснічак. З таго часу, як іх адпусцілі на канікулы, Яша не бачыў Лізы.

Прыйшлося да яе падысці. Ліза адразу засыпала яго пытаннямі і павяла ў свой двор. Адмовіцца нельга было ніяк. У школе Ліза ніколі не закрывала рукой сваёй чарніліцы ад Яшы і наогул ставілася да яго прыхільна. А аднойчы, калі ён яе за нешта штурхануў, яна заплакала, але Марыі Рыгораўне не паскардзілася.

Ліза вынесла з хаты кніжку і пасадзіла Яшу побач з сабой на ганку. Гэта была цікавая кніжка, і называлася яна «Рабяты і звераняты». Дома ў Яшы, акрамя чытанкі для другога класа, якую ён адразу прачытаў, яктолькі купіў, і «Містэра Цвісцера», ніякіх кніжак болей не было. Яша прагна гартаў кніжку, забыўшыся ў гэты час на тое, што ён сядзіць побач з Лізай і што сам руды Алёша паслаў яго ў разведку. За гэтым заняткам застала хлопца Лізіна маці.