Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 11

Іван Навуменка

— Мама, гэта той самы Яша, — адрэкамендавала Ліза свайго госця.

Яша пачырванеў да вушэй. Ён лічыў найвялікшай ганьбай сядзець іюбач з дзяўчынкай, і тое, што ёсць сведка гэтага яго відавочнага злачынства, кінула хлопца ледзь не ў роспач. Але гэта было яшчэ не апошняе выпрабаванне, якое ў гэты дзень выпала на Яшаву долю.

Лізіна маці пайшла ў хату і хутка паклікала туды Лізу разам з Яшам. Адмовіцца зноў было нельга. Ніколі ў жыцці Яша не адчуваў сябе гэтак няёмка, як у тую хвіліну, калі ён сваімі чорнымі, парэпанымі нагамі ступіў на фарбаваную подлогу Лізінай кватэры. Лепш бы паадсякаць гэтыя чорныя ногі... Лізіна маці паставіла перад Яшам асобную талерку з суніцамі, якія пасыпала цукрам і заліла малаком. Такой раскошы, каб есці суніцы з цукрам, Яша ў сваім жыцці не бачыў.

Пасля гэтага Ліза, нібы хлопец, іграла на гармоніку, а Яша, схаваўшы ногі пад стол, слухаў. Усё гэта было падобна на нейкі сон, і Яша ніяк не мог сабрацца з думкамі. На развітанне Ліза дала яму пачытаць гэтую самую кніжку пра рабят і зверанят.

Ужо на вуліцы Яша вярнуўся да сапраўднасці. Кніжку ён адразу схаваў за пазуху, бо яе маглі парваць або адабраць першамайскія хлопцы. Тут, на вуліцы, Яша ўспомніў і пра тое, што яму трэба выконваць свае абавязкі.

Яшава разведка ўсё ж закончылася з поспехам. Ён дазнаўся пра многае і прынёс рудому Алёшу цікавыя звесткі. Пасля Яшавай разведкі Слабодка яшчэ болей знелюбіла Першамайку, і на гэта былі свае важкія прычыны. Цяпер можна было ўжо здагадвацца, чаму Першамайка трымае сябе так фанабэрыста і непакорліва.

Яша дазнаўся, што белагаловы Косця прывабіў усіх першамайскіх хлопцаў валейболам. Валейбольны мяч і сетку прыслаў Косцю яго дзядзька з горада. Цяпер Першамайка цэлы дзень рэжацца ў валейбол. Першамайскія хлопцы разам ходзяць улес, разам купаюцца, разам праводзяць амаль увесь свой час. Але гэта яшчэ не ўсё. Косця падбіў першамайскіх хлопцаў, і яны клеяць нейкія планёры. Гэтыя планёры нібыта будуць самі лятаць у паветры. Пра планёры Слабодка, між іншым, не паверыла. Руды Алёша аўтарытэтна заявіў, што ніякі планёр з фанеры ў паветры не ўтрымаецца, бо гэта ж табе не лёгкі папяровы змей... З такой думкай пагадзіліся ўсе.

Становішча складалася не вельмі добрае. Цяпер ужо кожны разумеў, што з рагатак можна пужаць вераб'ёў, а не першамайскіх хлопцаў. Раз у іх такая моцная дружба, то разбіць іх будзе нялёгка.

Зноў Слабодка з надзеяй паглядала на Тарабанавага Алёшу, які адзін мог падказаць правільнае рашэнне. Алёша ж думаў. Ён думаў на гэты раз не вельмі доўга.

— Вечарам палезем у Салвэсеў сад, — сказаў Алёша. — Нарвём яблыкаў. Яны ўжо вялікія. Але есці іх не будзем. Я сам палічу, хто колькі нарве...