Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 6
Іван Навуменка
— Вось дурань, — цыкнуў на Алеся руды Алёша. — Ты слухай...
— Мой дзед пайшоў у лес па грыбы, — расказваў Калашкан. — Набраў поўны кошык ды ідзе сабе дамоў. А па дарозе воўк. Бяжыць проста на дзеда. Дзед не спалохаўся і хап ваўка за зяпу, каб не ўкусіў. Ну, а пасля сеў на яго верхам, узяў за вушы і прыехаў, як на кані, у самы двор.
— А тады што? — не вытрымаў Яша.
— Калі тады?
— Ну, як у двор прыехаў...
— Тады ваўка забілі, а шкуру злупілі. Дзед цэлы год боты з яе шыў. Сабе пашыў, бабулі, мне...
Ніхто ніколі не бачыў на Калашкане ботаў, але ўсе хацелі яму верыць. Вельмі ўжо цікавая гісторыя здарылася з яго дзедам. Таму ніхто не пярэчыў віхрастаму Змітраку, які да самай позняй восені мясіў гразь чырвонымі ад холаду босымі нагамі.
Яшу да смерці хацелася здзівіць хлопцаў чым-небудзь цікавым. Але нічога дзіўнага ён не мог успомніць. Усё, што расказвалі бацька і дзед, было звычайным і нецікавым, яно ніколькі не магло захапіць хлопцаў. Нарэшце Яша ўспомніў. Некалі дзед Атрахім расказваў пра царкву, якая затанула на іхнім балоце — Гарадзінцы. Хлопец не мог дачакацца, пакуль руды Алёша закончыць новую гісторыю пра льва, які ўцёк са звярынца і якога нібыта на ўласныя вочы бачыў сам Тарабан. Леў напавал нішчыў жывёлу і людзей, але, сустрэўшыся з рудым Алёшам, у якога дарэчы аказалася ў руках сякера, спалохаўся і ўцёк.
— А мне дзед расказваў пра нешта, чаго ніхто не ведае, — з хваляваннем пачаў Яша.
— Ну, давай, — дазволіў Алёша.
Усе прыціхлі, чакаючы пачуць цікавую навіну.
— На Гарадзінцы, дзе цяпер гара Багародзіцкая, стаяла некалі царква, — гаварыў Яша. — Туды ўсе хадзілі маліцца. Па балоце да царквы ляжала адна толькі вузенькая кладка. Адзін раз на Вялікдзень па кладцы ішла жанчына з малым дзіцем. Яна выпусціла дзіця з рук, і яно затанула ў багне. Тады жанчына пракляла царкву і Маці Багародзіца пачула яе праклён. Яна апусціла царкву ў балота. А на тым месцы вырасла гара Багародзіцкая...
Хлопцы насцярожана змоўклі. Вясной, калі збіралі яйкі качак і кнігавак, кожны сядзеў і сушыўся на гэтай самай пясчанай гары Багародзіцкай, якая невядома чаму вырасла сярод балота. Але ніхто, відаць, не чуў пра гісторыю з царквой.
— Мой дзед і цяпер на Вялікдзень ходзіць на гэтую гару, — хвалюючыся, працягваў Яша. — Прыкладзе вуха да зямлі і слухае. У царкве, якая затанула, на Вялікдзень заўсёды моляцца і звоняць у званы. Дзед сам чуў...
Надыходзіла ноч. Вуліца спала. Чыстае летняе неба было засеяна безліччу зорак. Недзе ў самым цэнтры сяла спявалі пад гармонік свае частушкі камсамольцы.
— Брахня, — парушыў нарэшце цішыню руды Алёша. — Твой дзед проста брэша...
— А што ж ядуць тыя багамольцы, што спяваюць пад зямлёй? — спытаў Змітрок Калашкан. — Не пад'еўшы ж, не паспяваеш?
— Калі царква затанула, то ў ёй жа поўна вады, — выказаў сумненне Алесь Бахілка. — Дзе ж тады спяць тыя святыя?
На гэтыя рубам пастаўленыя пытанні Яша адказаць не мог. Яму стала сорамна і крыўдна, што яго гісторыя аказалася самай горшай.
— Я спытаю ў дзеда, — паабяцаў хлопец. — Ён ведае...
— Дурань твой дзед, — адрэзаў руды Алёша. — А ты яго слухаеш. Пайшлі дахаты...