Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 5

Іван Навуменка

— Добра, мы цябе праверым, — сказаў нарэшце Алёша. — Збегай дадому і прынясі хлеба. Будзеш забаўляць Салвэсевага Рудзьку. А мы палезем у сад па смалу.

Яша ахвотна згадзіўся. З Рудзькам ён дружыў, і не было нічога цяжкага забаўляць яго хоць цэлую гадзіну, пакуль хлопцы ў Салвэсевым садзе будуць абдзіраць вішнёвую смалу.

— Глядзі ж пільнуй сабаку! — строга наказаў Тарабан. — Калі хоць раз гаўкне, то будзеш ведаць...

Яша паклікаў з Салвэсевага двара Рудзьку і пачаў яго забаўляць на выгане. Рудзька быў добры сабака, і Яшу ён разумеў. За дружбу ён плаціў шчырай сабачай дружбай. Рудзька клаўся на спіну, потым падскокваў, стараючыся дастаць сваім чырвоным языком Яшаў нос. Ён абавязкова хацеў аддзякаваць за небагаты пачастунак. Яшу было трошкі ніякавата перад Рудзькам за тое, што ён яго ашуквае. Сабака ж не ведаў, што хлопцы ў гэты час абдзіраюць вішнёвую смалу ў садзе Рудзькавага гаспадара.

Нарэшце хлопцы вярнуліся. Яны са смакам жавалі смалу. Яша чакаў, што з ім падзеляцца. Але руды Алёша прайшоў міма Яшы, нават не глянуўшы на яго. Алесь Бахілка адшчыкнуў ад свайго кавалка нейкую крошку і даў Яшу. Яму, відаць, зрабілася сорамна, і, азірнуўшыся, ці не бачыць Алёша, Бахілка адарваў яшчэ крыху ад свайго камяка. Толькі Змітрок Калашкан не пашкадаваў вішнёвай смалы для Яшы. Ён падзяліў свой кавалак ледзь не папалам. У Калашкана не было ні бацькі, ні маці, жыў ён у бабулі і ніколі не скупіўся. Зімой у школе Змітраку далі паліто, кашулю і штаны. Паліто было яшчэ цэлае, а штаны і кашуля зусім парваныя.

Вечарам лавілі майскіх жукоў. Іх лятала вельмі шмат, і яны былі зусім дурныя, бо самі даваліся ў рукі. Іх можна было лёгка лавіць шапкай, збіваць палкай з разгалістай вярбы, на лістах якой іх вісела процьма. Яша ведаў што жукі шкодныя, бо яны аб'ядаюць лісце. Але ён іх усё ж шкадаваў і паціхеньку выпускаў. Трэба ж і жукам нешта есці, раз яны жывыя. Руды Алёша злоўленых жукоў не пускаў. Ён адрываў ім крыльцы і бяскрылых заносіў на свой двор.

— Без крылаў не паляцяць, — тлумачыў ён хлопцам. — А заўтра іх куры падзяўбуць. Наядуцца жукоў і будуць часцей несціся. У нас ёсць курыца, якая ўжо нясецца тры разы ў дзень...

Хлопцы не здзіўляліся. У Тарабанаў, вядома, магла быць такая курыца. У іх жа вялікая сям'я, то трэба, каб і куры часцей несліся.

— У майго дзядзькі свіння прывяла сорак парасят, — пахваліўся Алесь Бахілка. — Мы возьмем сабе адно парасятка на развод...

— Ёсць такія свінні, — згадзіўся Алёша. — Я бачыў свінню, якую запрагалі ў воз. I яна цягнула лепей за каня...

Хлопцы паселі на выгане ў кружок і па чарзе расказвалі дзіўныя гісторыі. Над зямлёй плыла цёплая ноч, бясшумна ляталі ў паветры чорныя кажаны, на балоце, ля Цітавай копанкі, завялі сваю шматгалосую песню жабы. Хлопцам было прыемна і хораша.

— На свіннях можна ездзіць, — падтрымаў Алёшу Змітрок Калашкан. — Я на Салвэсевай рабой свінні да самай чыгункі імчаўся. А мой дзед на ваўку з лесу прыехаў...

— Воўк жа мог яго з'есці, — здзівіўся Бахілка.