Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 39

Іван Навуменка

Здадзім тады разам, — паабяцаў Косця.

У Яшы нібы выраслі крылы. Ён ужо бачыў новыя снягурачкі, якія справіць, і ўяўляў сабе, як будзе на іх імчацца па звонкім лёдзе.

Гэтыя першамайцы былі проста цудоўныя хлопцы. Яны не толькі сушылі крушыну, збіралі косці і жалеза. Яны яшчэ хадзілі абкопваць дубкі, лавілі капканамі кратоў і пават памагалі касіць калгаснае жыта. Яша цяпер бачыў, што Косця не хваліцца. На Першамайцы такі была камуна...

Яша хутка здагадаўся: белагаловага Косцю болей за ўсё на свеце цікавілі планёры. Першамайскі камандзір нават не даваў нікому патрымаць планёр у руках, а хаваў яго ў сваёй хаце на печы. Ён склеіў планёр па малюнку, які быў змешчаны ў часопісе. Першамайскія ж хлопцы, здаецца, не вельмі цікавіліся авіятарскімі захапленнямі свайго камандзіра. Яны нават падколвалі яго.

— Не паляціць твой планёр, — раўнадушна гаварылі яны. — Летась жа не паляцеў. Косця злаваўся.

Нарэшце настаў дзень выпрабавання. Яша прыйшоў на Першамайку яшчэ з раніцы. Яму дужа хацелася паглядзець, як паляціць планёр. Першамайскія хлопцы сабраліся ля Косцевай хаты. Сам Косця сядзеў на даху. Адтуль ён і запусціў планёр. Але гэты планёр далёка не паляцеў. Ён пратрымаўся ў паветры, можа, якіх секунд пяць і ўпаў на вуліцу ў пясок. Косця злез З даху прыгнечаны і змрочны. Усе бачылі, што добрых планёраў ён клеіць яшчэ не ўмее...

Але гэта былі дробязі — самакаты, крушына, планёр — у параўнанні з тым, што хутка адкрылі Яша і Калашкан на Першамайцы. Першамайскія хлопцы, аказваецца, трымалі моцную дружбу са старым Лявонам, які пасвіў калгасных коней. Канюшня знаходзілася ў канцы вуліцы, і, калі гналі коней на начлег, можна было скакаць верхам праз усю Першамайку. Гэта асабліва ўзрадавала Яшу. Колькі ён марыў, каб прамчацца верхам на кані на вачах у настаўніцы Марыі Рыгораўны і Лізы. Цяпер яго мара была блізка да здзяйснення.

Яша, хвалюючыся і баючыся, што яму адмовяць, у той жа дзень папрасіўся ў Косці ўзяць яго на начлег. Косця ахвотна згадзіўся.

— Мы пасвім коней да поўначы, — прызнаўся Косця. — Стары Лявон спіць толькі да першых пеўняў, а потым прачынаецца і спаць не можа. Але спіць ён моцна і баіцца, каб коні не нарабілі шкоды. А за тое, што мы пасвім, ён дае нам колькі хочаш ездзіць верхам...

Гэта было цудоўна. Пра лепшае Яша не мог і марыць. У той жа вечар ён скакаў на кані. Ён ляцеў услед за белагаловым Косцем і бачыў, што Марыя Рыгораўна стаяла ля сваіх веснічак. Яна, здаецца, таксама заўважыла Яшу. Толькі Лізы ў гэты час на вуліцы не было. Але Яша ўсё адно радаваўся. Ён цяпер ужо ведаў, што і Ліза ўбачыць яго на кані. Коней жа гоняць на начлег кожны вечар...

Цудоўная летняя ноч вісела над зямлёю. Справа была вёска, злева — шырокі расісты луг, а зверху — неба, засеянае, можа, мільярдам зорак. На поплаве хлопцы расклалі агонь і паселі вакол яго ў кружок. Стары Лявон прымасціўся воддаль, накрыўся з галавой кажухом і адразу захроп. Прагныя языкі агню лізалі сухое ламачча, яно весела патрэсквала, і полымя шугала высока ўгору. Ад гэтага цемень яшчэ болей згушчалася, за дзесяць крокаў ад вогнішча цяжка было што-небудзь убачыць. Недзе ў вёсцы, ля клуба, спявалі камсамольцы прыпеўкі пра кудлатага папа і кулака, рыпаў гармонік, а туг на лузе толькі гарэў агонь ды зрэдку пазвоньвалі званкамі коні.